Впервые в Шумилино прошла олимпиада по финансовой грамотности

Образование

Фінансавая граматнасць
Такіх алімпіяд у нас яшчэ не было
У мінулую нядзелю ў нашым раёне ўпершыню за ўсю гісторыю алімпіяд прайшла алімпіяда па фінансавай граматнасці сярод вучняў 10-11 класаў. Яна адбылася згодна з планам мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Віцебскай вобласці ў 2014 годзе ў мэтах павышэння фінансавай граматнасці маладога пакалення. Арганізавала алімпіяду Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці сумесна з упраўленнем адукацыі аблвыканкама пры ўдзеле Беларусбанка і Белаграпрамбанка.
Алімпіяда праходзіць у два этапы і мае форму тэсціравання па адзіных алімпіядных заданнях. Па выніках першага этапа вызначаюцца трое пераможцаў, і толькі адзін удзельнік, які заняў 1 месца, прыме ўдзел у другім этапе абласной алімпіяды, што пройдзе 18 кастрычніка ў Віцебску на базе СШ №6. А вось сярод пераможцаў абласных алімпіяд плануецца правядзенне рэспубліканскай алімпіяды ажно ў самім Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь у Мінску.
У нашым раёне алімпіяда па фінансавай граматнасці прайшла на базе Шумілінскай СШ №1. Удзел у ёй прынялі звыш 40 старшакласнікаў з 10 школ. Перад пачаткам алімпіяды ў актавай зале перад прысутнымі выступілі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Талстая, намеснік дырэктара ЦБП №225 Беларусбанка В. Масько. Былі агучаны аргкамітэт і склад журы.
Пасля ўдзельнікі разышліся па аўдыторыях. 45 хвілін адводзілася непасрэдна на рашэнне алімпіядных задач. Потым быў прагляд кінафільма на фінансавую тэму, у той час як журы падлічвала балы па работах і вызначала пераможцаў.
На заключным этапе ўсе ўдзельнікі алімпіяды зноў сабраліся ў актавай зале школы. Член журы настаўнік Шумілінскай СШ №1 С. Сахончык адзначыў даволі добры ўзровень падрыхтоўкі і ведаў на банкаўскую тэматыку. Трэцяе месца журы прысудзіла вучню 11 класа Шумілінскай СШ №1 Лявонаву Аляксандру, другое месца – адзінаццацікласніцы з раённай гімназіі Воранавай Вераніцы. Самы высокі вынік па алімпіядзе паказала вучаніца 11 класа гімназіі Жукава Кацярына. Са 105 магчымых балаў яна набрала 87. Каця разам з граматай атрымала яшчэ і спецыяльны прыз – юбілейную манету Беларусбанка. Дзяўчына будзе прадстаўляць раён на абласным этапе.
Хочацца верыць, што алімпіяда па фінансавай граматнасці стане штогадовай і традыцыйнай. Час паказвае, што неабходнасць у гэтым наспела, бо грамадству патрэбна фінсансава граматная і адукаваная моладзь.
Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *