Юбилей Ф. Б. Бородулькиной из Шумилино

Общество

Заўзятасць Барадулькінай
Неяк павялося, што замалёўкі пра чалавека часцей за ўсё  газеты прымяркоўваюць да ягонага юбілею. Гэта няправільна: юбілей бывае раз у пяць ці дзесяць гадоў, а чалавеку прыемна пра сябе ўсцешанае слова і ў радавыя дні і гады.
Думаю, са мной можа згадзіцца гераіня маёй замалёўкі  Феадосія Барысаўна Барадулькіна. У яе на днях юбілейная дата (колькі жанчыне, няхай застанецца яе маленькім сакрэтам), але трэба было бачыць, з якой ахвотай яна даставала і разгортвала нумары газет, дзе пісалі пра яе, майстра ПМК меліярацыі, як паказвала граматы – ад Міністэрства  меліярацыі і воднай гаспадаркі (было такое) да роднага ПМК, у якім адпрацавала 30 гадоў. І візіт журналіста быў для яе нагодай яшчэ раз узгадаць свае маладыя гады, калі на крылах ляцела на работу, дзеля якой на алтар  паклала нямала нерваў, сіл і здароўя. Паклала, бо заўсёды брала блізка да сэрца і вытворчыя праблемы, і клопаты людзей сваёй брыгады. А ў брыгадзе акрамя жанчын, былі мужчыны, з якімі даводзілася, чаго граха таіць, і сварыцца, даводзячы сваю праўду і свае патрабаванні.
– Я была і засталася меліяратарам, – кажа Ф. Б. Барадулькіна. – Нягледзячы на тое, што даўно на пенсіі. Зараз вяду ветэранскую арганізацыю ПМС, у нас шмат задум і ідэй. Ёсць у мяне і больш запаветная мара. Вось падбяруся з работай і катану да Косінца. Хачу дабіцца, каб у Шуміліне ўсё ж быў мост праз чыгуначныя пуці. Словам, сумаваць няма часу…
Здавалася б, усе трыццаць гадоў не знімала жанчына гумавых ботаў (меліяратар – прафесія спецыфічная, звязаная з работай на балоце), але, як прызналася сама Феадосія Барысаўна, Бог ахінае яе ад хвароб. Хаця не так даўно пахавала мужа, з якім пражыла 42 гады, ды, відаць, яму быў адведзены такі кавалак жыцця. Дастойнага жыцця. У свой час, калі пажаніліся і пяць гадоў не мелі дзяцей, яна з мужам узяла з дома малюткі сямімесячнае дзіця.  І разам неслі гэты сямейны крыж, а затым, ужо ў сорак, у Феадосіі з’явілася сваё – хлопчык Арцём. Сёння Наталля з Арцёмам жывуць і працуюць у Віцебску, часта прыязджаюць з дзецьмі да сваёй матулі,  і тая ніяк не можа нацешыцца сваімі ўнукамі…
Нястрыманай, заўзятай у рабоце была Ф. Б. Барадулькіна. Такой і засталася. Яна не можа, даруйце, праціраць канапу, яна ўся ў клопатах. У яе гаспадарка – авечкі, куры, яшчэ нешта з жыўнасці, яна даўно і паспяхова вырошчвае на сваёй сядзібе вінаград, у яе ладны кавалак агарода, дзе хапае месца і бульбе, і агародніне. Сама косіць, а вось з апрацоўкай зямлі дапамагае ПМС. І ўзаруць, і нарэжуць гранак, і пасадзяць.
Што ж, так і павінна быць. Інакш і не можа быць, бо трэба помніць пра такіх заўзятараў, як Ф. Б. Барадулькіна, і трэба ўсяляк дапамагаць ім, хто не шкадаваў сябе, і ў дождж, і ў слоту ішоў скараць балоты, адваёўваць у іх землі, якія прыносілі б чалавеку карысць.
Мікалай МАРОЗ.



2 комментария по теме “Юбилей Ф. Б. Бородулькиной из Шумилино

  1. Название можно было придумать по-оригинальнее) Тем более, что у человека юбилей!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *