Происшествия. Криминал

Общество Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Снарад
Пры правядзенні палявых работ механізатары ААТ «Ляжні» знайшлі непадалёк ад вёскі Горкі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра знаходку паведаміла група размініравання. Снарад абясшкоджаны і знішчаны.
Буракі
Дзве пенсіянеркі з Шуміліна нацягалі на чужым агародзе тры кілаграмы чырвоных буракоў. Але вынесці не ўдалося, бо жанчын заўважылі суседзі пацярпелай і патэлефанавалі ў міліцыю. Узбуджана крымінальная справа.
Электракабель
Раённая газета пісала, што з кацельні УП ЖКГ прапаў электракабель. Нядаўна злачынца быў знойдзены, ім аказаўся жыхар Шуміліна. Ён прызнаўся ў крадзяжы.
Грабеж
Ля магазіна “Дружба” абрабавалі нецвярозага жыхара Шуміліна – укралі мабільны тэлефон і 28 тысяч рублёў. Па гарачых слядах грабежнік (мясцовы жыхар) быў затрыманы. Украдзенае канфіскавана і вернута пацярпеламу.
Згарэлі дом і  хлеўчукі
У вёсцы Долгія Лаўжанскага сельсавета адбыўся пажар. Згарэў жылы дом і тры гаспадарчыя пабудовы. Загарэліся яшчэ адзін дом і хляўчук. Яны пашкоджаны часткова, агонь выратавальнікі ўтаймавалі. Па папярэдніх дадзеных, прычынай пажару стаў падпал. Справа для далейшага разгляду перададзена ў раённы аддзел унутраных спраў.
Не ўступіў дарогу
Жыхар а.-г. Мікіціха, які ехаў на аўтамабілі “Опель-Вектра” праз перакрыжаванне Сіпко-Кароткіна ў Шуміліне, не ўступіў дарогу пешаходам на нерэгулюемым пешаходным пераходзе.  На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.
Нецвярозыя
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі жыхара в. Сахоненкі, які ехаў  на мапедзе “Салют” па аўтадарозе Віцебск-Полацк у стане алкагольнага ап’янення. Алкатэстар паказаў 1,45 праміле.
Праз некалькі дзён на вуліцы Юбілейнай быў затрыманы жыхар райцэнтра, які ў нецвярозым стане ехаў на “Фольксвагене”.
Абодва мужчыны выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. Ім пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф да 15 мільёнаў рублёў.
“Бяспека”
З 23 па 27 верасня  супрацоўнікі ДАІ правялі спецыяльную аперацыю “Бяспека”, якая была накіравана на прафілактыку і папярэджанне  няшчасных выпадкаў на чыгуначных пераездах. Былі праведзены рэйды, адпрацоўкі чыгуначных пераездаў, правяраўся стан пешаходных пераходаў праз чыгунку. Быў затрыманы адзін вадзіцель, які праехаў чыгуначны пераезд на чырвонае святло святлафора. Супрацоўнікам ДАІ прыйшлося адвесці ад чыгуначнага пераходу нецвярозую жанчыну. Акрамя таго, на чыгунцы былі затрыманы чатыры вадзіцелі, машыны якіх былі з пратэрмінаваным тэхаглядам.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *