Семья Ковалевских из деревни Мишковичи Шумилинского района и секреты семейного счастья

Общество Семья

Шчасце трымаецца на разуменні
Сёння, амаль праз дваццаць гадоў  сумеснага жыцця, сям’я Леаніда Пятровіча і Любові Уладзіміраўны Кавалеўскіх з в. Мішкавічы можа шчыра сказаць: яны – шчаслівыя. Ад таго, што не размінуліся на доўгіх жыццёвых сцежках, што сустрэлі адзін аднаго, што нарадзілі дзетак і што з гадамі каханне стала больш моцным і трывалым.
З цеплынёй у сэрцы Кавалеўскія згадваюць той купальскі касцёр 20-гадовай даўніны, калі дзяўчына з Мішкавіч і хлопец з Міхалова ўпадабалі адзін аднаго.  Нібыта той касцёр, разгарэлася   каханне. І сёння яно выпрабавана часам. Былі ў жыцці і няўдачы, і расчараванні, але на першым месцы ў кожнага заўсёды заставалася сям’я. Дзеля яе дабрабыту і ўзяўся гаспадар за адказную справу: будаўніцтва ўласнага дома.  Дапамагалі родзічы. Бервяно за бервяном, вянец за вянцом. Дом будаваўся не так хутка, як хацелася б, але на сумленне. І сёння ён прыгожы, высокі, з усімі зручнасцямі. У сына-дзевяцікласніка Мікіты і дачкі-чацвёртакласніцы Ксеніі – па ўласным пакоі на другім паверсе.
У доме жывуць павага і разуменне. “Не бывае такога, што нехта ціхенька паплача ў кутку над сваімі праблемамі – і ўсё тут, – кажа Любоў Уладзіміраўна. – Мы разам вырашаем, як выправіць дрэнную адзнаку, колькі купіць куранят ці якімі шпалерамі паклеіць пакой. Калі ідзём працаваць на агарод – то разам. Калі разбіраемся ў дзіцячых канфліктах – то ўсёй сям’ёй. У нас не прынята сварыцца і зневажаць адзін аднаго. А шчасце трымаецца на разуменні і падтрымцы. І дзякуй богу, што ўсё гэта ёсць, жадаць нечага большага было б ужо залішнім”.
І гэта пры ўсім тым, што Кавалеўскія – людзі з рознымі тэмпераментамі і інтарэсамі. Любоў Уладзіміраўна, напрыклад, чалавек  вельмі актыўны. Па родзе сваёй прафесіі (працуе педагогам-арганізатарам мясцовай школы) не можа сядзець на месцы. Прыдумвае сцэнарыі, натхняе дзяцей удзельнічаць у розных конкурсах.
Сама Любоў Уладзіміраўна – пастаянны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці ў мясцовым Доме культуры. Вельмі ганарыцца, што сёлета ў раённым аглядзе-конкурсе песень ваенных гадоў Мішкаўскі сельскі Дом культуры стаў лаўрэатам.
У Леаніда Пятровіча і Мікіты Кавалеўскіх  мужчынскія заняткі: яны пілуюць, габлююць, рамантуюць, ходзяць на рыбалку. Леанід Пятровіч чалавек вельмі гаспадарлівы, у яго распісана кожная хвіліна. Ён нядрэнны сталяр і пячнік. Грубку ў новым доме майстраваў сам, чым вельмі ганарыцца.
Спакойны і добры па характары, ён ніколі не перашкаджае жонцы і дзецям займацца іх любімымі справамі.
Сабрацца разам для Кавалеўскіх – гэта ўжо свята, бо ў гаспадара, які працуе механізатарам ў СФГ “Раднік”,  у прыпар увогуле не бывае выхадных. Калі яны здараюцца, сям’я наведвае горад, ходзіць у госці  ці ў лес за грыбамі і ягадамі. І яшчэ ёсць у Кавалеўскіх адна сямейная традыцыя: сустракаць Новы год разам з родзічамі.  Усім разам добра і весела.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *