Волонтёры Красного Креста просят помощи

Актуалии Общество

У вас ёсць мікрааўтобус? Дапамажыце
На старонках газеты мы пастаянна расказваем пра дабрачынныя справы валанцёраў Чырвонага Крыжа.  Яны дапамагаюць бальніцы сястрынскага догляду, што ў Мішневічах, а таксама адзінока пражываючым нямоглым людзям.
“Частымі гасцямі і памочнікамі сталі валанцёры і ў нас, – расказвае дырэктар Обальскага прытулку Т. І. Карташова. – Напрыклад, зусім нядаўна старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа В.М. Чыжыкава прывезла нам шэсць банак акрылавай фарбы. І мы ўжо распачалі рамонт у нашым прытулку – белім столь”.
Але ў гэты дзень фарба была не адзіным падарункам, у прытулак прывезлі таксама і гігіенічныя наборы, шампуні, крэмы, мыла, гелі для душа. А яшчэ па ініцыятыве валанцёраў Чырвонага Крыжа дзеці з прытулку адправяцца ў аздараўленчы лагер у Бешанковіцкі раён. “Прызнацца, такога сюрпрызу мы нават і не чакалі, – гаворыць Таццяна Іосіфаўна. – Прытулак ўпершыню за ўсе гады існавання атрымлівае такі падарунак. Сем нашых дзетак будуць адпачываць амаль месяц у аздараўленчым лагеры”.  А ў валанцёраў клопат – знайсці мікрааўтобус для перавозкі на наступным тыдні васьмі чалавек.  Звярнуліся да ўсіх добрых людзей праз інтэрнэт. “Мы звяртаемся і да ўладальнікаў пасажырскіх мікрааўтобусаў нашага раёна, – гаворыць валанцёр Андрэй Чыжыкаў. – Напэўна ж, і ў нас ёсць добрыя людзі, якія гатовы дапамагчы дзецям з прытулку і завезці іх у аздараўленчы лагер”.
Дарэчы, жыхарка Салігорска, якая даведалася праз інтэрнэт, што Обальскаму прытулку патрэбна дапамога, прыслала нядаўна чатыры бандэролі з адзеннем для дзяўчат. Удзячныя выхаванцы прытулку рыхтуюць для яе сувеніры.
Наперадзе ў валанцёраў шмат праектаў. Адзін з іх нядаўна стартаваў у рамках  праекта “Вясёлка”: валанцёры вучаць дзяцей з прытулку навыкам відэа- і фотаздымкі, якімі потым можна будзе дзяліцца з іншымі дзецьмі  не толькі ў нашай рэспубліцы, але і з іншых краін.
“Для дабрачыннага валанцёрскага міні-праекта мы шукаем спонсараў, – кажа Андрэй Чыжыкаў. – Патрэбны фотаапараты з функцыяй відэаздымкі і хаця б адзін камп’ютар.
Па ўсіх пытаннях да валанцёраў Чырвонага Крыжа можна звяртацца па тэл. 895-04-96 МТС”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №59 ад 27.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *