О батарейках, термометрах и безопасности

Безопасность Экология

Не выкідайце батарэйкі
Што аб’ядноўвае гадзіннікі і дзіцячыя цацкі, пульты дыстанцыйнага кіравання і тэлефоны? – “Батарэйкі”. А што рабіць, калі ў батарэйках скончыўся зарад? – Вядома ж, выкінуць ў сметнік. Ці так?
Акумулятарныя батарэі (батарэйкі) утрымліваюць вельмі небяспечныя металы: кадмій, літый, свінец, ртуць, волава, нікель, марганец, цынк. На жаль, па нашай краіне такіх разлікаў няма, але, напрыклад, у ЗША на долю батарэек прыходзіцца 50% усіх таксічных металаў у складзе  бытавых адходаў, пры тым, што батарэйкі складаюць менш за 0,25% аб’ёму цвёрдых бытавых адходаў.
А цяжкія металы маюць здольнасць назапашвацца ў арганізме чалавека, паражаць ныркі, печань, падстраўнікавую залозу, выклікаюць эмфізему і рак лёгкіх. Металы, што ўтрымліваюцца ў адной толькі батарэйцы, пры яе разбурэнні на сметніку заражаюць да 1 м3 грунта ці 400 літраў вады. У развітых краінах забаронена выкідаць выкарыстаныя батарэйкі ў звычайныя сметніцы, для іх устанаўліваюцца спецыяльныя кантэйнеры. Існуе скідка, калі ты купляеш новыя батарэйкі і здаеш старыя. Такім чынам удаецца збіраць і перапрацоўваць да 85% прада-дзеных батарэек.
Праблема ўтылізацыі небяспечнага смецця вельмі вострая. На жаль, мы толькі ў пачатку гэтага шляху, на стадыі эксперыментаў. Больш-менш наладжана работа па ўтылізацыі аўтамабільных акумулятараў, якія прымаюць “Белдругмет», “Белрэсурсы”, арганізацыі Белкаапсаюза. Намаганнямі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя да канца бягучага года кантэйнеры для збору батарэек будуць устаноўлены ў буйных магазінах, гіпермаркетах. Рыхтуецца і тэхналогія іх перапрацоўкі.
Магчыма, сітуацыю зменіць “Дзяржаўная праграма збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады”, зацверджаная указам кіраўніка дзяржавы ў 2009 годзе.
А пакуль, каб зменшыць свой чорны экалагічны след, прапануем парады:
1. Аддавайце перавагу тэхніцы, якая не патрабуе батарэек і сілкуецца ад электрычнай сеткі, ручнога завода (гадзіннікі), з выкарыстаннем сонечных батарэй (калькулятары).
2. Выкарыстоўвайце батарэйкі, якія можна заражаць з дапамогай спецыяльнага прыстасавання.
3. Купляйце батарэйкі з маркіроўкай “без ртуці”, “без кадмія”.
4. Не выкідайце батарэйкі са смеццем! Збірайце іх у пластыкавыя ёмістасці (бутэлькі) і захоўвайце да лепшых часоў.
5. Расходуйце зарад батарэек максімальна эканомна: выконвайце патрабаванні палярнасці, не выкарыстоўвайце ў адным прыборы батарэйкі розных вытворцаў, розных хімічных сістэм і рознай ступені зарадкі, не трымайце батарэйкі на сонцы, на моцным холадзе, давайце ім час ад часу магчымасць “адпачыць”, не кідайце іх у агонь і не разбурайце корпус батарэйкі.
Падрыхтаваў  Сяргей Паўлаў.
Куды здаць градуснік?
Звычайны ртутны градуснік, якім мы мераем тэмпературу, можа і нашкодзіць. Напрыклад, калі ён разбіўся.
“У такім разе жыхары раёна выклікаюць выратавальнікаў. Сёлета, напрыклад, было сем такіх выпадкаў, – расказвае намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч. – Мы збіраем ртуць у спецыяльную ёмістасць, потым адвозім яе ў пажарны аварыйна-выратавальны атрад “Віцязь”, што ў Віцебску”.
Але ж выратавальнікі дапамогуць толькі ў тых выпадках, калі градуснік разбіты. А куды выкінуць непатрэбны і цэлы? Рука не павернецца занесці яго ў звычайны сметнік, бо кожны дарослы ведае: ртуць вельмі небяспечная. Яна мае здольнасць накаплівацца ў арганізме, пары ртуці могуць прывесці нават да парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы.
“Сапраўды, ртутныя градуснікі і лямпы забараняецца выкідваць на звалку, – гаворыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С. Д. Карнякоў. – За такое смецце на фізічных асоб можа быць накладзены штраф ад 5 да 50 базавых велічынь, а для арганізацый – ад 10 да 1000 базавых велічынь”.
Але ж, з другога боку, пытанне, куды здаць ртутныя тэрмометры і лямпы, пакуль застаецца адкрытым: у Шуміліне іх нідзе не прымаюць.
“У Віцебску, на вуліцы Ленінградскай, 139а ёсць філіял мінскай фірмы “Экалогія-121”, – удакладняе вядучы спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў Вячаслаў Дземідзенка. – Але для шумілінцаў усё роўна нязручна – не пад рукой. Ды і ўтылізацыя платная”.
Летась у нашай рэспубліцы быў зацверджаны “Комплекс мерапрыемстваў па ўдасканаленні арганізацыі збору ртуці, ртуцеўтрымліваючых і іншых небяспечных адыходаў”. Мяркуецца, што ў кожным горадзе будуць устаноўлены спецыяльныя герметычныя кантэйнеры ля аптэк ці медыцынскіх складоў – туды можна будзе бясплатна здаваць градуснікі ці, скажам, манометры. Але такі праект будзе рэалізаваны толькі ў 2011-2012 гадах.
“Калі зараз у кагосьці ёсць непатрэбныя ртутныя градуснікі ці лямпы, раім скласці іх у кладоўку ці падвал, – гаворыць Вячаслаў Дземідзенка. – Няхай чакаюць свайго часу. Магчыма, што да канца наступнага года ў райцэнтры і ўстановяць герметычныя кантэйнеры, куды можна будзе выкідваць ртуцеўтрымліваючыя прадметы”.
Ларыса Кісялёва.
Надрукавана ў №97 ад 14.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *