Для пожилых людей в Шумилино организовали праздник

Актуалии Общество

Не маюць узросту мары і смех
Як зразумець: вось і яна – старасць? Вядома, самы вялікі тут здраднік – пашпарт. Пенсійны ўзрост падкраўся – да пабачэння, што называецца, лічы сябе пенсіянерам. Канечне, з гэтым фактам можна спрачацца, але толькі да той пары, пакуль не зразумееш, што з адыходам на пенсію адчыненых дзвярэй перад табой аказваецца куды больш, чым зачыненых. Ва ўсялякім выпадку, ветэраны нашага раёна год ад году ўсё больш настойліва спрачаюцца з маладымі за права быць актыўнымі, цікаўнымі, мабільнымі.
Вось і 1 кастрычніка ў раённы цэнтр культуры на свята з нагоды Дня пажылых людзей такіх сабралася цэлая глядацкая зала. Яны, прыгожыя і ўсмешлівыя, прымалі віншаванні, дарылі апладысменты артыстам, абмяркоўвалі апошнія падзеі. У іх сапраўды шмат спраў, шмат захапленняў. Гэта стала зразумела кожнаму, хто наведаў выставу “Залатая восень жыцця”, дзе вырабы самадзейных майстроў нічым не саступалі сувенірам прафесіяналаў з раённага дома рамёстваў. Т. С. Калянковіч, Л. У. Журава, В. М. Весялкова, В. М. Чыжыкава, Т. П. Карніловіч ужо смела могуць арганізоўваць самастойныя выставы нават і ў віцебскіх музеях. А ў гэты дзень у фае разгарнулася яшчэ выстава акварэляў нашага земляка Уладзіміра Іванова.
У звароце намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава да гасцей свята закралася настальгія па савецкіх часах, такіх блізкіх і дарагіх кожнаму, хто сядзеў у зале. Анатоль Мікалаевіч гаварыў пра важнасць міру, добрасуседскіх узаемаадносін паміж народамі, жадаў усім доўгіх, шчаслівых год жыцця. Пра тое, што гэта жыццё надзвычай насычана самымі разнастайнымі падзеямі, расказала старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Кацярына Фамінічна дзякавала тым службам і арганізацыям, якія дапамагаюць спраўдзіцца ўсім марам і задумам ветэранаў. Менавіта дзякуючы ўсебаковай падтрымцы ім удаюцца паездкі, экскурсіі, святы і многае іншае – усё тое, што дазваляе не думаць пра гады, жыць сённяшнім днём.
У гэты дзень успомнілі ветэранаў вайны, адзначылі самых актыўных членаў арганізацыі, віншавалі імяніннікаў. Усе, хто браў слова, зышліся на тым, што ўзрост – не перашкода для радасці, светлых мар і спадзяванняў.
Падтрымаць высокую ноту святочнасці і ўрачыстасці, як заўжды, дапамаглі артысты цэнтра культуры, дзеці. Дарэчы, дзеткі не толькі спявалі бабулям і дзядулям, але і дарылі ім кветкі. А народны тэатр падарыў віноўнікам свята камедыйны спектакль “Гутэн таг, я твой вораг”.
Закончылася свята, бабуля паспяшыла дадому: хутка ўнук са школы прыйдзе, трэба ж накарміць яго смачна, каб здаровым рос і моцным… Яны заўжды побач, яны ўсё паспяваюць, яны ніколі не крыўдзяцца і ні ў чым не папракаюць. Яны проста любяць, яны ўмеюць рабіць гэта па-сапраўднаму.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Толькі факты
6 тысяч 106 пенсіянераў жыве ў нашым раёне;
2 мільёны 254 тысячы 500 рублёў – сярэдні памер пенсіі шумілінскага пенсіянера;
802 чалавекі на Шуміліншчыне пераступілі 80-гадовы рубеж;
79-ці пенсіянерам – ад 90 да 99 год;
100-гадовы юбілей ужо адзначыла Ефрасіння Дзмітрыеўна Барысенка з Обалі.
4335 сярод нас адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, на спецыяльным абслугоўванні ў ТЦСАН – 515 чалавек;
2 прыёмныя сям’і арганізаваны ў раёне, адна патранажная сям’я, арганізаваны чатыры дамы зімоўкі, дом сумеснага самастойнага пражывання і  санаторый на даму.
Надрукавана ў №76 ад 03.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *