Якія прагнозы на кастрычнік?
Якія ў вас прагнозы на кастрычнік, што вы плануеце зрабіць, куды па-спець? Такое пытанне мы адрасавалі жыхарам раёна і пераканаліся, што нашы землякі ў кастрычніку сумаваць не збіраюцца.
Таццяна: 14 кастрычніка будзе адзначацца Дзень маці, мы з маёй маленькай дачушкай рыхтуемся да свята, малюем “карціну”, якую разам з кветкамі і падорым нашай любімай матулі і бабулі. А яшчэ я запланавала пераклеіць шпалеры ў прыхожай.
Уладзімір: апенькі пайшлі, трэба спяшацца, я іх дужа люблю, кожны б дзень еў падсмажаныя з цыбулькай! Ды і рыбалку ніхто не адмяняў, як толькі вольная хвіліна – я на возера.
Арцём: мне б шасцёркі выправіць, неяк з пачатку навучальнага года расслабіўся, а яны (настаўнікі – аўт.) панаставілі шасцёрак, а мамка сварыцца, гразіць, што Дзед Мароз на Новы год не прынясе мне планшэт.
Тамара: у мяне на кастрычнік было тры сур’ёзныя задачы: паставіць новыя ўваходныя дзверы, памыць вокны і пасадзіць часнок. З першай я ўжо справілася, астатнія дзве мне таксама па сілах.
Кацярына: у мяне планы што на верасень, што на кастрычнік, што на іншы месяц, адны і тыя ж: гатаваць, мыць, прасаваць, рабіць са старэйшанькай урокі, з малодшанькай гуляць у парку. Праўда, у кастрычніку трэба з’ездзіць у горад за пакупкамі, тое-сёе купіць дзяўчынкам да зімы.
Алена: у кастрычніку хочам наведаць аквапарк «Лебяжы» ў Мінску. А яшчэ мы купілі новы ўчастак і са старога туды трэба перасадзіць усе кветкі і кусты.
Мікалай: цешча запіліла: адрамантуй печку, адрамантуй печку. Я і паабяцаў, яшчэ ў маі, а тут ужо кастрычнік, паеду ў гэтыя выхадныя, а то жонка ўжо не размаўляе.
Наталля: А я разам з сяброўкамі запланавала ў гэтым месяцы паездку ў драмтэатр і кафэ. Восень трэба сустракаць прыгожа.
Аляксандр: галоўнае – прайсці тэхагляд, падрыхтаваць сябе (прайсці медкамісію) і машыну.
Андрэй: у мяне вінаград выспеў, трэба тэрмінова знімаць і рабіць віно. У мяне вельмі смачнае атрымліваецца вінаграднае віно, прыходзьце, пачастую.
Валянціна: я планую добра папрацаваць на рабоце, падцягнуць усе “хвасты” і ў канцы кастрычніка з чыстым сумленнем пайсці ў водпуск.
Святлана: я хачу выспацца, каб нікуды не бегчы, нічога не закручваць-не засольваць. Напэўна, так і зраблю, адпраўлю ў нядзелю дзяцей на вучобу і буду адпачываць, сядзець ля акна з кубачкам кавы і глядзець на дождж, чытаць дэтэктывы і любоўныя раманы са шчаслівым канцом.
Інтэрв’ю пра кастрычніцкія планы падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2014 г.