Депутат парламента Владимир Шитько провел в Шумилинском районе приём граждан

Власть Общество

Давярацца кампетэнтнасці
На днях прыём і “прамую лінію” наладзіў у раёне дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько.
На прыём запісаўся адзін чалавек, але па вельмі балючым для сябе пытанні – каб прызналі хворага ўнука недзеяздольным. Такая незвычайная просьба была выклікана, на думку наведвальніка, разумным сэнсам, бо да ўнука “прысмоктваюцца” розныя дармаеды, выцягваюць з яго апошнія грошы з пенсіі. А пенсія ў яго канапляная. Не так даўно ў яго была другая група інваліднасці. Але знялі яе, прызначылі трэцюю, рабочую.
Падавалі дакументы ў суд. Але суд у просьбе дзеду адмовіў. Але ж унук-інвалід не можа фізічна працаваць…
Такая вось гісторыя. У. У. Шыцько падрабязна, з веданнем справы падышоў да разгляду звароту. Што суд кіраваўся медзаключэннем, а не думкай сведак, гэта разумна і правільна. Гэта па законе. Дэпутат паабяцаў адно: ён звяжацца з галоўным урачом псіханеўралагічнага дыспансера ў Віцебску з тым, каб унука абследавалі яшчэ раз, больш унікліва. А заадно параіў уладкаваць маладога чалавека на працу. Каб не заставалася яму часу на баўленне з сумніўнымі ці падазронымі сябрамі і заадно будзе яму прыварак да пенсіі. Праўда, працаваў той, але ўсяго адзін дзень, кінуў. На думку псіхолагаў, калі чалавек не працуе год ці два, ён  усё робіць, каб увільнуць ад працы. Таму, напэўна, трэба знайсці чалавеку ці пагадзінную работу, ці работу на доме. У Шуміліне гэта зрабіць нялёгка, тым не менш можна пашукаць.
Завялі гаворку і пра ўзвядзенне пераходнага моста праз чыгуначныя пуці. Справа ў тым, што менавіта гэты заяўнік і ставіў у свой час перад дэпутатам У. У. Шыцько “маставое” пытанне. Праблему вывучалі. Падобны мост узвялі ў Лёзне, але па ім практычна ніхто не ходзіць, адно што моладзь забіраецца наверх і дурэе. Ды і скажыце, хто пацягне па прыступках наверх свой веласіпед, многія як лазілі, так і лезуць пад цягніком.
Па ўсіх праблемах, якія ставіць жыццё, на думку дэпутата, трэба кіравацца кампетэнтнасцю і разумным сэнсам, каб рашэнне любога пытання было ўзважаным, непаспешлівым і ўдумлівым.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №80 ад 17.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *