Праздник посвящён Матери

Актуалии Общество Семья

“Пагавары са мною, мама”
14 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры прайшоў тэатралізаваны канцэрт “Пагавары са мною, мама”, прысвечаны Дню маці.
Маці… Яна з першага дня з намі. Радуецца нашым ўсмешкам і першым крокам, выцірае нам слёзы і заўсёды перажывае за нас. Ніхто нас так не любіць, як маці.
Не выпадкова Дзень маці супадае са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Божая Маці сочыць за нашым жыццём і абараняе ад розных нягод, адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
У нашым раёне 188 сем’яў выхоўваюць па трое і больш дзяцей. Шэсць жанчын узнагароджаны ганаровым ордэнам Маці, адзінаццаць з’яўляюцца лаўрэатамі абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі.
У. П. Куранны  абвясціў, што рашэннем райвыканкама сёлета прэмія імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай прысуджана шматдзетнай маці з аграгарадка Мішневічы Алене Валер’еўне Арцёменка. Кіраўнік раёна павіншаваў А. В. Арцёменка і ўсіх маці Шуміліншчыны са святам, пажадаў здароўя, кахання, поспехаў і цярпення.
Пасля ўзнагароджання адбыўся вельмі цёплы, шчыры канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры і самадзейнымі артыстамі.
А ў фае Цэнтра культуры гасцей сустракала багатая выстава “Кветкі для матулі”, якая стварала асабліва святочны настрой. Работнікі раённай бібліятэкі прымеркавалі да свята выставу кніг “Мама. Матуля. Маці”. А спецыялісты Дома рамёстваў прапаноўвалі не толькі паглядзець выставу сваіх майстроў, але і купіць падарункі для сваіх маці.
Асабліва вызначалася выстава “Кветкі для той, што жыццё падарыла”, якую прапанавалі ўдзельнікам свята работнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея. На палотнах нашых землякоў У. Іванова, У. Белавусава, А. Воўчанкі, якія захоўваюцца ў фондавай калекцыі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, буялі кветкі.  Многія свае работы мастакі прысвяцілі матулям, і на гэтых карцінах  былі кветкі, якія вельмі любілі маці мастакоў і якія яны ім дарылі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 17.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *