Тема неблагополучных семей звучала во время проведения встреч с трудовыми коллективами района

Общество Президент

Толькі калі не будзем раўнадушнымі
Учора ў працоўных калектывах раёна адбыліся сустрэчы з інфармацыйнымі групамі райвыканкама. Тэма, якую прапанавалі для абмеркавання, мае важнае грамадскае значэнне: “Аб стане работы па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях”.  Група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама У. П. Куранны, працавала ў РВУ “Шумілінарайгаз”.
З часу выхаду Дэкрэта №18 у раёне праведзена вялікая работа з азначанай катэгорыяй насельніцтва, удалося істотна скараціць колькасць дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, скараціць колькасць сямей, якія стаяць на кантролі.
У раёне вядзецца работа па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нядбайных сем’ях. Калі на 1 студзеня на ўліку было 183 дзіцяці з 110 сем’яў, то на 1 кастрычніка – 80 дзяцей з 46 сем’яў.
З 2007 года 205 дзяцей былі прызнаны як маючыя патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у тым ліку сёлета – 9. Вярнуліся ў сваю сям’ю 111 дзяцей, у 86 – бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. На 1 кастрычніка бягучага года ў раёне 46 дзяцей знаходзяцца ў прыёмных, 50 – у апякунскіх сем’ях, 7 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу, 5 – у прытулку.
Яшчэ адна праблема – гэта кампенсацыя нядбайнымі бацькамі (абавязанымі асобамі) сродкаў, якія выдаткоўваюцца на ўтрыманне дзяцей. У раёне такіх асоб 86, яны завінаваціліся дзяржаве 1,22 мільярда рублёў. З іх працуюць 55 чалавек, кампенсавана толькі 49,6% сродкаў. Запазычанасць перавышае 615 мільёнаў рублёў.
Абавязаныя асобы, нават калі ім дапамагаюць уладкавацца на працу, прагульваюць, парушаюць працоўную дысцыпліну. Прыходзіцца прымяняць да іх жорсткія меры: 15 чалавек прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, у адносінах да 3 асоб узбуджаны крымінальныя справы, 7 чалавек накіраваны ў ЛПП, рыхтуюцца да адпраўкі яшчэ двое.
Кіраўнік раёна акрэсліў і шляхі рашэння праблемных пытанняў, шляхі, якія на першы погляд далёкія ад Дэкрэта №18. Вось у райцэнтры пабудавана цудоўная школа мастацтваў, у якой 450 вучняў займаюцца музыкай, танцамі, малююць. Цяпер будуецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, няхай і невялікім, але дзеці змогуць у ім заняцца плаваннем. “Гэта таксама рэалізацыя Дэкрэта №18, – адзначыў Уладзімір Пятровіч. – Бо калі з маленства будуць нашы дзеці прывучацца да карысных заняткаў, карысных для розуму, здароўя, развіцця, то з іх вырастуць добрыя людзі, добрыя бацькі. Яны будуць прывучаць да добрых спраў і сваіх дзяцей”.
Вядзецца будаўніцтва вялікага аб’екта прыдарожнага сэрвісу ў Шуміліне з гасцініцай, гандлёвым комплексам, адкрываюцца новыя прадпрыемствы, пашыраюцца і мадэрнізуюцца існуючыя (“Альянспласт”, “ІСКПошук”, “Обальскі керамічны завод” і іншыя). У планах узвядзенне аўтазаправачнай станцыі “Белнафтахіму” у аграгарадку Мікіціха. “Вежа” замест пладова-ягадных алкагольных напіткаў пачынае выпуск безалкагольных напіткаў. Гэта ўсё таксама адносіцца да Дэкрэта №18, заўважыў У. П. Куранны, бо новыя працоўныя месцы з прыстойнай зарплатай дапамагаюць заняць людзей, адвярнуць іх ад п’янства і бязладдзя.
Рашэнне акрэсленых праблем – справа не толькі органаў улады, гэта справа ўсіх. “Толькі калі мы ўсе не будзем раўнадушна праходзіць міма такіх выпадкаў, калі будзем паведамляць пра закінутых дзяцей, пра нядбайных бацькоў-п’яніц, калі будзем уплываць на іх на кожным прадпрыемстве, толькі разам можам рашыць гэтую праблему”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Перад прысутнымі выступілі кіраўнікі раённых службаў. Пасля сустрэчы адбыўся прыём грамадзян па асабістых пытаннях.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №80 ад 17.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *