Премию Туснолобовой-Марченко получила Наталья Барковская из Башней

Актуалии Общество Семья

Узор сапраўднага прызначэння жанчыны
14 кастрычніка ў аблвыканкаме ўшаноўвалі жанчын Віцебшчыны, якія  сёлета ўзнагароджаны ганаровай прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Прыемна, што ў  ліку 25 узнагароджаных і наша зямлячка – мнагадзетная маці з Башнёў Наталля Леанідаўна Баркоўская.
Падобная прэмія заснавана ў мэтах павышэння прэстыжу мацярынства і ўмацавання інстытута сям’і, яе маральных асноў, станоўчых сямейных традыцый і каштоўнасцей, прапаганды вопыту ў выхаванні дзяцей. Яе лаўрэатамі ўжо сталі 347 жанчын вобласці.
“Клопат маці пра дом, сям’ю, дзяцей, іх дабрыня, міласэрнасць і мудрасць заслугоўваюць шчырага прызнання, –– адзначыў у сваім выступленні, віншуючы прысутных жанчын са святам, намеснік старшыні аблвыканкама У. У. Цярэнцьеў. – Не выпадкова ў нашай краіне Дзень маці адзначаецца як рэспубліканскае свята”.
Хочацца, канешне ж, крыху напісаць пра нашага лаўрэата. Наталля Баркоўская разам з мужам Уладзімірам выхоўваюць траіх дзяцей. Старэйшы Кірыл  заканчвае раённую гімназію, Алена – сямікласніца, таксама вучыцца ў гімназіі. Маленькі Арсеній пакуль што выхаванец Башнёўскага садка і ўжо не можа дачакацца, калі таксама пойдзе ў школу. Самі бацькі работнікі Беларусбанка. Алена – спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг, Уладзімір – праграміст. Маладыя, адукаваныя, прафесійна выконваюць свае абавязкі, на добрым рахунку ў кіраўніцтва банка.
Аддаючы шмат сіл рабоце, Наталля паспявае ўдзяляць вялікую ўвагу сям’і, найперш дастойнаму выхаванню дзяцей. Знаходзіць час і на захапленні – кветкаводства і кулінарыю.
Адным словам, Наталля Баркоўская не выпадкова трапіла ў спіс лаўрэатаў. Сваімі адносінамі да жыцця, да работы і сям’і яна падае прыклад многім, паказвае ўзор сапраўднага прызначэння жанчыны – быць МАЦІ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 17.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *