Убирать овощи хозяйствам Шумилинского района помогают городские организации и население

Сельское хозяйство Экономика

Убіраюць моркву, перабіраюць бульбу
Увосень у сельгаспрадпрыемстваў заўсёды прыпар. Вось і сёлета не паспяваюць без дапамогі гарадскіх памочнікаў. Яны на мінулым тыдні паспяшаліся на дапамогу на ўборку гародніны ў КУСГП “Сіроцінскі” і СФГ “Раднік”.
“Кожны дзень да нас прыязджаюць каля паўсотні чалавек, усіх накіроўваем на маркоўнае поле, – расказаў галоўны аграном КУСГП “Сіроцінскі” У. А. Федаськоў. – Морква ўрадзіла добрая – 280 цэнтнераў з гектара. Думаю, калі нам будуць дапамагаць кожны дзень, то справімся хутка”.
Багата памочнікаў і ў “Радніку”. У мінулую пятніцу, калі рэдакцыйныя работнікі адправіліся ў Макаўе на пераборку сталовых буракоў, у гаспадарцы было асабліва шматлюдна. Акрамя буракоў, у арачніку перабіралі моркву і бульбу. Заўзята працавалі вяскоўцы, работнікі “Белаграпрамбанка”, Мішневіцкага дзіцячага садка.
“Пераважную большасць памочнікаў адправілі на поле на ўборку морквы – там працуюць больш за семдзясят чалавек, – расказаў кіраўнік СФГ “Раднік” Ю. В. Сямёнаў. –  Не першы раз прыязджаюць работнікі лясгасу, райбыткамбінату, райгазу, ПМК-70, ТЦСАН, раёна электрасетак і іншых арганізацый. Хочацца сказаць усім вялікі дзякуй за дапамогу”.
Дарэчы, у суботу, калі ў райцэнтры разгарнуўся восеньскі кірмаш, у “Раднік” заехалі каля паўсотні памочнікаў. Не пабаяліся марознага надвор’я на ўборцы морквы работнікі ПМС, вытворчага цэха ААТ “Малако”, Обальскага керамічнага завода, камунгасу, райбальніцы,  дзяржстраху і некаторых іншых арганізацый. Прыязджалі працаваць на моркву гарадскія памочнікі і ў нядзелю. На ўчарашнюю раніцу ў “Радніку” заставалася на полі яшчэ каля двух гектараў морквы.
Уздым зябліва
Тыдзень таму ўсе гаспадаркі раёна прыступілі да масавага ўздыму зябліва. Як правіла, вясной у сельгаспрадпрыемствах прыпар: не хапае ні тэхнікі, ні людзей. Таму стараюцца ворыва па максімуму правесці восенню. “Уздым зябліва – гэта 19 тысяч гектараў, – расказаў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў. – Мелі рацыю тыя гаспадаркі, якія прыступілі да гэтай работы адразу пасля заканчэння сяўбы азімых зерневых. Сярод такіх –  ААТ “Прыазёрны мір”, якое першае ў раённай зводцы па ўздыму зябліва”.
У кожнай гаспадарцы раёна на ворыве задзейнічана па аднаму-два трактары. Кожны дзень прыбаўляецца 150-200 гектараў.
Уборка кукурузы
У раёне пасеяна 4590 гектараў кукурузы. У канцы мінулага тыдня на палетках яшчэ заставалася каля 500 гектараў. Заканчвалі ўборку ў ААТ “Ляжні”, “АграБаравінка”, “Лаўжанскае”.
Ураджайнасць зялёнай масы кукурузы склала 219 цэнтнераў з гектара. Разлічвалі атрымаць у гэтым годзе 110 тысяч тон сіласу, расказалі спецыялісты райсельгасхарчу, але да гэтай планкі, па ўсяму бачна, не дацягнуць. У канцы мінулага тыдня ў раённай зводцы значылася 70,3 тысячы тон сіласу, планавалі нарыхтаваць яшчэ 13 тысяч тон.
Акрамя таго,  у ААТ “Ляжні” ўбіралі кукурузу на зерне, якое потым ішло на муку. Гэта добрая прыбаўка да фуражных запасаў.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *