На отчетно-выборной конференции работников АПК Шумилинского района: профсоюзы должны быть более настойчивыми

Общество Сельское хозяйство Экономика

Быць настойлівым у вырашэнні праблем
17 кастрычніка адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Ва ўсе часы прафсаюзам адводзілася адметная роля.  Па сутнасці прафсаюзы заўсёды былі той сілай, якая стрымлівала “гарачыя галовы” кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, заўсёды шукала і знаходзіла з імі кампрамісы і паразуменне.
І справаздача па рабоце за апошнія пяць гадоў, з якой выступіў на справаздачна-выбарнай прафсаюзнай  канферэнцыі работнікаў АПК старшыня райкама прафсаюза В. В. Юхнавец, утрымлівала асвятленне розных аспектаў у жыццядзейнасці прафсаюза. Тут і ахова працы, і калектыўныя дагаворы, і арганізацыя спаборніцтваў, адпачынку, выплата зарплаты – усе тыя пытанні, у рашэнні якіх прафсаюзны актыў на месцах і райкам прафсаюза бяруць самы чынны ўдзел. Васіль Васільевіч прывёў як прыклад тры прафсаюзныя пярвічкі, дзе гэта работа наладжана лепш – ААТ «АграБаравінка» (старшыня прафкама А. В. Міраненка), Шумілінскі райаграсэрвіс (В. А. Клюева), ААТ “Прыазёрны мір” (Т. В. Іванова).
Асаблівая ўвага ў дакладзе адводзілася рабоце з калектыўнымі дагаворамі. Падлічана: эканамічная выгада ад льготнага харчавання работнікаў, занятых на асноўных відах сельгасработ, склала ад 500 тысяч да 2 мільёнаў рублёў у год.
Адзін з галоўных пунктаў дакумента – “Ахова працы”. Што можа быць больш важным, чым здароўе працаўніка, засцярога ад таго, каб ён не пакалечыўся на рабочым месцы, ці яшчэ горш – не загінуў. Не заўсёды кіраўнік дбае пра атэстацыю рабочых месцаў той катэгорыі работнікаў, якія маюць права на  льготную пенсію. У выніку, выйшаўшы на пенсію, тыя губляюць у грашах. Гэта недаравальна. Прафсаюзы павінны быць больш настойлівымі ў вырашэнні такіх праблем.
Умеюць і любяць у працоўных прафсаюзных арганізацыях арганізаваць адпачынак, ахвотна займаюцца спортам, не забываюць пра ветэранаў працы. Для прафактыву былі наладжаны паездкі ў Мосар, г. Полацк, дэльфінарый у г. Мінск. Прафкам райаграсэрвісу не прапусціў выпадку з’ездзіць на экскурсію ў Нясвіж, члены прафсаюза КУСГП “Мішневічы” наведалі Мінск і Хатынь, ААТ “Лаўжанскае” кожны год наведвае “Славянскі базар у Віцебску”.
Не забываюць прафсаюзы пра патанненні пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.  За пяць апошніх гадоў кампенсацыя пацягнула  на 20 мільёнаў рублёў.  Не стаяць у баку ад дабрачынных акцый для дзяцей.
У спрэчках выступілі Т. В. Іванова з ААТ “Прыазёрны мір”, А. В. Аляксеенка, дырэктар Шумілінскага ПМС, В. А. Клюева з райаграсэрвісу. Вітальнае слова з пажаданнямі плённай працы ў імя дабрабыту працоўнага чалавека сказаў кіраўнік спраў райвыканкама С. Д. Белагалоў. Цікавым было выступленне старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК А. Я. Кузмянкова, які прыняў удзел у рабоце канферэнцыі. Аляксандр Яўсеевіч засяродзіў увагу на своечасовай выплаце зарплаты, на рабоце з маладымі кадрамі, сказаў, што толькі пры ўмове дастойны зарплаты і прадстаўлення жылля моладзь будзе заставацца на сяле. Думка не новая, і прафсаюзы не павінны забывацца ўвасабляць яе ў жыццё.
На канферэнцыі выбраны новы склад райкама прафсаюза. Старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК зноў выбраны В. В. Юхнавец.
У рабоце канферэнцыі таксама прыняла ўдзел начальнік аддзела інфармацыі і сувязей са СМІ абкама прафсаюза работнікаў АПК А. М. Усцінава.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў № 81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *