Корреспондент районки вместе с работниками РОЧС посетил проблемные семьи в агрогородках Башни и Светлосельский

Безопасность Общество

Ёсць пытанні і ў пажарных, і ў педагогаў
На гэты раз карэспандэнт раённай газеты разам з выратавальнікамі адправілася на прафілактычную рэйд-праверку прыватных дамоў у аграгарадках Башні і Светласельскі.
“Наша задача – наведаць мнагадзетныя сем’і і тыя, у якіх злоўжываюць спіртным”, – кажа старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацый надзвычайных сітуацый і ГА  Рыгор Жук.
Толькі на першы погляд здаецца, што трэшчыны ў грубках –  гэта дробязь. “На самой справе менавіта з-за такой дробязі часта адбываюцца пажары”, – кажуць інспектары нагляду і прафілактыкі Аляксей Лявонаў і Віктар Кійко. Таму ўсім парушальнікам былі выдадзены прадпісанні і рэкамендацыі ў бліжэйшы час адрамантаваць печкі.
Прызнацца, непрыемна ўразіла толькі адна сям’я з Башнёў, у якой выхоўваюцца трое дзяцей. Пад сталом – пустыя бутэлькі з-пад спіртнога, на стале – “бычкі” ад цыгарэт. Гаспадар чэсна прызнаўся, што напярэдадні ў доме былі сябры, з якімі разам і выпіваў. Мужчына сцвярджаў, што дзеці ў гэты час былі на вуліцы і “нічога не бачылі”. Але ў гэта верыцца з цяжкасцю.
Выратавальнікі ўважліва агледзелі дзіцячы пакой, кухню. Усюды быў беспарадак. Хаос з адзення, нейкіх рэчаў,  падлога, якая даўно не падмяталася,  пакідалі непрыемнае ўражанне ад гаспадароў. Пакуль супрацоўнікі РАНС складалі адміністрацыйны пратакол за неатынкаваную печку, у дом зайшоў дырэктар Башнёўскай школы В. П. Зянькоў. Аказалася, у педагогаў таксама шмат прэтэнзій да выхавання і догляду дзяцей у гэтай сям’і.
У дамах мнагадзетных сем’яў у Светласельскім грубых парушэнняў па пажарнай бяспецы не было. Ну, калі не лічыць таго, што не ўсе своечасова мяняюць батарэйкі ў пажарных апавяшчальніках.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *