Районная газета приглашает на «Родительское совещание»

Образование Семья

Бацькоўкі сход
Любы творчы праект павінен, калі хочаце, вылежацца ў шуфлядцы, выспець у сэрцы. Пасля ідэі, якую ад імя педкалектыву выказаў дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін (зараз ужо былы), мінуў немалы час. Нядаўна перабіраў свае архівы і напароўся на план публікацый пад рубрыкай “Бацькоўскі сход”. Акрэсліў тады звыш 50 тэм. Вядома, было б наіўна думаць, што ўсе яны знойдуць “прапіску” на старонках раёнкі, магчыма, жыццё і чытачы падкажуць іншыя, больш надзённыя і вострыя аспекты выхавання, тым не менш праект мае права на існаванне.
Важна, між тым, помніць, што па тэме выхавання ісціны ў апошняй інстанцыі няма. Гэта не тая тэма, дзе нейкі “аракул” можа выдаць табе ідэальную параду, якая будзе да месца і слушнай пры любых сітуацыях, у якія трапляюць бацькі і дзеці. Тым не менш разважанні кампетэнтных і аўтарытэтных людзей, несумненна, прынясуць карысць.
Праўда, не хочацца, каб праект звёўся да маралізацыі, павучання, збіўся на падказку гатовых рэцэптаў. Выхаванне — не кулінарная справа, яго плён адчуеш не адразу, яго адчуеш і зразумееш з гадамі. Чаму так бывае: дачка  з заможнай прыстойнай сям’і вырастае разбэшчанай, нявыхаванай, а то і наогул злачынцам. Чаго ёй недадалі? А бывае іншая сітуацыя, калі з сям’і, дзе бацькі вядуць разгульнае жыццё, выходзіць на жыццёвыя прасцягі прыстойны і дабрэйшай душы чалавек.
Словам, нам будзе пра што пагаварыць, удумліва і па-бацькоўску мудра і ўзважана…

Сход № 1: Любоў,  дысцыпліна і ніякага крыку
Любоў выратуе свет. Гэта выраз, сэнс якога найбольш імпануе чалавеку, а зараз патрэбны яму яшчэ больш. Любоў — гэта пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці, у нашым выпадку — бацькоў да сваіх дзетак і наадварот. Глыбіня шчырасці гэтай любві залежыць ад таго, якое месца мы, дарослыя, адводзім дзіцяці ў жыцці. Трэба разумець, што жанчына і дзеці ў размове схільныя да пачуццёвасці, мужчына — больш да пазнавальнага тыпу размовы. На гэтым грунце часта і здараюцца канфлікты. Важна мужчыну адчуваць адказнасць за сваю сям’ю, не забывацца на любоў да жонкі і дзяцей.
Многія бацькі не ведаюць, як правільна выказаць сваю любоў. Першае, што вельмі важна, — трэба заўсёды, калі размаўляеце, глядзець дзіцяці ў вочы. Калі ж дарослы адводзіць вочы ўбок, на дзіця гэта дзейнічае прыгнечана і пакутліва. Дзіця лепш перанясе фізічнае пакаранне, чым будзе ведаць, што ён непатрэбны родным людзям. Часцей трэба прытуляць дзяцей да сябе, дзяўчынак — цалаваць, з хлопчыкамі — павазіцца. Гэта наладжвае кантакт. І нарэшце — пільная ўвага. Праўда, тут нельга “скаціцца” на так званую сляпую мацярынскую любоў. А яна прыходзіць тады, калі дзіця перахваленае, калі яно адчула беспакаранасць і ўсёдазволенасць.
Некаторыя бацькі перакананы, што ў іх ёсць усе правы на дзіця. На самой справе трэба паважаць і правы самога дзіцяці, бо яно — таксама асоба. Яму не падабаецца, калі яго выхоўваюць, дзіця хоча тварыць сябе сам, вучыцца на сваім, няхай і горкім і мізэрным жыццёвым  вопыце. Іншым разам бацькі патрабуюць ад свайго “чада” занадта многа. Адсюль і жорсткасць у адносінах з дзецьмі. Так, дысцыпліна патрэбна, але яна не можа быць суровай і жорсткай. Калі караць, то справядліва, важна ўмець дараваць сыну ці дачцэ нейкі несамавіты ўчынак. Тым больш, калі бачыце, што дзіця шчыра раскайваецца.
Успышка эмоцый — гэта крах у адносінах з дзецьмі. Асабліва калі эмоцыі не кантралююцца, калі гаворка пераводзіцца ў рэчышча крыкаў і збівання. Жорсткасць нараджае адпаведную рэакцыю у дзяцей: яны не вераць у справядлівасць, яны самі, калі пасталеюць, будуць жорсткімі, без болю ў сэрцы. Можа, адсюль і пакінутыя сам-насам старыя і нямоглыя  бацькі…
Пакаранне — элемент дысцыпліны. Калі дзіця паводзіць сябе дзёрзка, не слухаецца ні каманды, ні просьбаў, працягвае ўпарціцца ў сваім непаслушэнстве, яго трэба пакараць. Аднак трэба разумець прычыны такіх паводзін сына ці дачкі, ведаць, што нарадзіла духоўнае непаразуменне паміж дарослымі і дзецьмі. І наогул калі ў сям’і захоўваецца чысціня маралі, то і дзеці вырастуць высокамаральнымі людзьмі. Гэта жыццёвая аксіёма, як і той факт, што ніводная сям’я ніколі не абыдзецца без сапраўднай, разумнай любві.
Рубрыку вядзе Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *