О безопасности дорожного движения шумилинским школьникам «рассказал» автобус-тренажёр

Безопасность Образование

Аўтобус-трэнажор
У рамках акцыі ў Шуміліне пабываў спецыяльны аўтобус-трэнажор, якіх усяго два ў свеце – у Рэспубліцы Карэя і ў Расіі.
“Мы прыехалі з Масквы, – расказаў супрацоўнік цэнтра спецыяльнага прызначэння бяспекі дарожнага руху МУС Расіі Аляксандр Лашч. – Спецыялізаваны вучэбны аўтобус прызначаны для правядзення заняткаў па практычнаму абучэнню дзяцей асновам дарожнага руху. Мы былі ў Віцебску, пасля Шуміліна правядзём заняткі з дзецьмі ў Полацку, Оршы і Глыбокім”.
У аўтобусе-класе замест партаў – крэслы, замест школьнай дошкі – два тэлевізары, замест настаўніка – супрацоўнік ДАІ. Дзеці селі ў крэслы і прышпіліліся, як таго патрабуюць правілы. Пачаўся ўрок бяспекі.  Дзецям было цікава глядзець мульцікі пра смяшарыкаў, якія траплялі ў розныя складаныя дарожныя сітуацыі, прымушалі задумацца: а ці заўсёды пра-вільна і бяспечна мы пераходзім дарогу, выходзім з машыны, выконваем іншыя правілы дарожнага руху?
Раптам аўтобус са смяшарыкамі (гэта бачым на экране) сутыкаецца з другім аўтамабілем. У гэты час аўтобус-трэнажор страсянула, дзецям наглядна былі прадэманстраваны дзеянні пры дарожнай аварыі – салон абсталяваны спецыяльнай сістэмай імітацыі. Усе дзеці ў аўтобусе адчулі на сабе, што адбываецца ў момант ДТЗ. Ніхто не пацярпеў, акрамя Гошы Парушайкіна (манекена), які не быў прышпілены і ад моцнага ўдару вылецеў з сядзення.
Пасля “аварыі” аўтобус “загарэўся”. Для эфекту быў выкарыстаны генератар дыму. Дзеці аператыўна пакінулі задымлены салон (потым прызнаваліся, што было крыху страшна). Затое школьнікі надоўга запомняць такі наглядны ўрок і, хочацца верыць, не будуць парушаць правілы дарожнага руху.
*   *   *
Удзельнікі акцыі пазнаёміліся з дзеяннямі супрацоўнікаў розных структур, якія прыходзяць нам на дапамогу ў складаных сітуацыях. Кінолаг аддзялення Дэпартамента аховы Аляксей Зубараў са службовым сабакам па мянушцы Соня паказаў школьнікам, як сабака з лёгкасцю знаходзіць схаваную рэч. Ад Соні не схаваешся – яна вельмі разумная і літаральна кожны ты-дзень ўдасканальвае свае навыкі, расказаў Аляксей Зубараў.
У вестыбюлі СШ № 1 супрацоўнікі РАНС праводзілі  прафілактычную акцыю па бяспецы жыццядзейнасці. Дзеці ўдзельнічалі ў розных гульнях і віктарынах, у падарунак атрымалі буклеты па пажарнай бяспецы. Школьнікам цікава было прымерыць на сабе баявое адзенне выратавальніка, агледзець спецыяльнае абсталяванне, уявіць сябе кіроўцам пажарнага аўтамабіля.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *