Вечер школьных друзей собрал бывших выпускников

Образование Общество

Вечар школьных сяброў
Кім бы мы ні сталі ў жыцці, у нас заўсёды ёсць нагода прыйсці ў школу. Прыйсці, каб сустрэцца са школьнымі сябрамі і настаўнікамі, каб узгадаць пямятныя моманты з дзяцінства. Стала добрай традыцыяй завітаць у школу на вечар сустрэчы выпускнікоў. І такіх жадаючых  у СШ № 1 г. п. Шуміліна ў гэтым годзе аказалася нямала – больш за дзвесце чалавек.
Бадай, самымі актыўнымі на свяце аказаліся выпускнікі 40-гадовай даўніны. Яны з’ехаліся ў родную школу з усіх куткоў Беларусі. І калі іх выклікалі на сцэну, крыху хваляваліся. Але з задавальненнем згадалі свае школьныя гады, іх вочы свяціліся шчасцем, калі завязалі піянерскія гальштукі. Здавалася, нібы памаладзелі на сцэне і зноў вярнуліся на 40 гадоў назад, калі былі школьнікамі.  Ад выпускнікоў 1975 года слова трымаў Уладзімір Арлоў. Ён пажадаў настаўнікам і сённяшнім вучням поспехаў і дабрабыту.
“У нас даўняя традыцыя – збірацца ў школе праз кожныя пяць гадоў, – расказаў Міхаіл Ганчароў. – Я жыву ў Мінску, але стараюся не прапускаць святочны вечар у шумілінскай школе, якая дала мне дарогу ў жыццё”.
Выпускнікі ўспаміналі цікавыя школьныя гісторыі, песні камсамольскага юнацтва, сваіх настаўнікаў, цікавыя пазакласныя мерапрыемствы. Большасці з іх, на жаль, ужо даўно няма ў жывых. Таму вельмі уразіў фільм пра ветэранаў-педагогаў, дзе яны прыгожыя і маладыя. У некаторых з’явіліся на вачах слёзы…
На сустрэчу ў СШ № 1 прыйшлі і выпускнікі 30-гадовай даўніны, 15-гадовай і 10-гадовай. Былі юнакі і дзяўчаты, якія закончылі школу год таму. Для ўсіх прысутных школьнікі падрыхтавалі цікавы канцэрт.
*   *   *
Цёпла, амаль па-сямейнаму, прайшоў вечар сустрэчы выпускнікоў у Лаўжанскай школе.
Сімвалічна, што вядучымі тут былі былыя выхаванцы школы – Кацярына Лявонава і Алег Прыгун. І яны, і многія іншыя выпускнікі з цеплынёй і ўдзячнасцю гаварылі пра школу, пра сваіх настаўнікаў.
Самымі сталымі ўдзельнікамі свята былі Лілія Лісава і Валерый Грузневіч – яны закончылі школу пяцьдзясят гадоў таму. Прысутныя апладзіравалі ім стоячы.  Выпускнікі 1965 года  расказалі пра свае любімыя ўрокі, пра камсамольскія справы, пра тое, як выступалі з  выязнымі канцэртамі ў вёсках Залессе, Слабада і Мерзлякі.
Бадай, самай шматлікай кагортай  на вечары былі выпускнікі 30-гадовай даўніны. Іх узначаліў дырэктар Лаўжанскай школы Ю. М. Мясаедаў. Юрый Мікалаевіч расказаў пра школу: сярэднюю адукацыю тут атрымалі 1124 вучні, прычым выпускныя класы былі розныя: самы вялікі налічваў 48 чалавек, самы маленькі – усяго 4 вучні.
Выпускнікі згадалі сваіх былых настаўнікаў, ушанавалі хвілінай маўчання памяць пра свайго былога класнага кіраўніка і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны З. Ф. Юрчанка, падарылі кветкі сваёй былой настаўніцы М. Д. Красікавай.
Напярэдадні свята віншавальныя тэлеграмы школе, яе вучням, настаўнікам і выпускнікам даслалі В. М. Жукаў з Мішневіч і М. А. Лапо з Пабеды. Па стану здароўя яны не змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве, але душой яны былі тут – у роднай школе.
Закончылася свята вясёлым канцэртам і дыскатэкай.
Тэкст і фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.
Надрукавана ў №11 ад 10.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *