На сесіі раённага Савета дэпутатаў: транспартную пошліну – на рамонт дарог
На нечарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая прайшла пад кіраўніцтвам старшыні райсавета І. М. Новікавай, былі абмеркаваны два пытанні.
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама дэпутат па Кіраўскай акрузе №2 А. С. Сідарэнка паведаміла, што ў раённы бюджэт ад платы дзяржпошліны за дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху паступіла дадаткова 217 мільёнаў рублёў. Яна прапанавала накіраваць гэтыя грошы на рамонт дарожнага пакрыцця часткі вуліцы Сіпко ў г. п. Шуміліна, а таксама ўнесці некаторыя іншыя ўдакладненні ў раённы бюджэт бягучага года. Дэпутаты зацвердзілі гэтае рашэнне.
Таксама дэпутаты станоўча вырашылі пытанне аб вызваленні КУСГП “Мішневічы” і “Сіроцінскі” ад пералічэння ў бюджэт часткі сродкаў, атрыманых ад здачы ў арэнду памяшканняў. Гэтыя сродкі застануцца ў гаспадарках і будуць накіраваны на развіццё вытворчасці, паведаміла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2014 г.