Ориентировать учеников на нужные в районе специальности

Президент

Арыентаваць вучняў на патрэбныя ў раёне спецыяльнасці
Чарговае пасяджэнне райвыканкама ў мінулую пятніцу правёў кіраўнік раёна У. П. Куранны. Асноўным пытаннем парадку дня было абмеркаванне ходу выканання Праграмы развіцця сістэмы адукацыі раёна на 2011-2015 гады. У пасяджэнні браў удзел начальнік упраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта І. А. Шчурок.
З дакладам выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова, якая назвала мэту і задачы Праграмы, прааналізавала стан яе рэалізацыі. Так, на 1 верасня бягучага года ў раёне дзейнічае 22 дашкольныя ўстановы, у якіх выхоўваецца 862 дзяцей (у 2011 годзе было 24 установы, 817 выхаванцаў). У раёне працуюць 17 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вучыцца 1841 вучань (2011 год – 2162 вучні). Працягваецца працэс аптымізацыі ўстаноў адукацыі раёна.
В. В. Мянькова расказала пра работу па навучанні і выхаванні дзяцей, па стварэнні належных умоў для вучобы, ўмацаванні матэрыяльнай базы (толькі на рамонт устаноў адукацыі за 4 гады выдаткавана 11 мільярдаў рублёў), арганізацыі харчавання і адпачынку дзяцей і іншых накірунках дзейнасці аддзела і ўстаноў адукацыі.
Школьнікі раёна актыўна ўдзельнічаюць у розных алімпіядах, конкурсах, спартакіядах, навукова-даследчай дзейнасці. За 2011-2014 гады 12 школьнікаў сталі пераможцамі абласнога этапа прадметнай алімпіяды. Добрыя вынікі паказваюць выпускнікі школ раёна пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Асобнае месца займае раённая гімназія, выпускнікі якой паказваюць самыя высокія вынікі пры паступленні ў ВНУ – у сярэднім за 2011-2014 гады 88%, 92% з іх паступілі на бюджэтную форму навучання.  Вядзецца фарміраванне здаровага ладу жыцця ў выхаванцаў і вучняў. Для заняткаў спортам маецца 12 спартыўных залаў, 26 школьных стадыёнаў і пляцовак. Спартыўныя гурткі наведваюць 50% школьнікаў.
У вольны час 80% вучняў наведваюць дадатковыя заняткі, гурткі ў школах, раённым цэнтры дзяцей і моладзі, установах культуры.
Валянціна Васільеўна расказала пра работу па прафесійнай арыентацыі выпускнікоў.
Быў дадзены аналіз работы сістэмы спецыяльнай адукацыі: у раённым ЦКРАіР навучаецца 29 дзяцей, спецыяльныя і інтэграваныя групы і класы створаны ў многіх дашкольных і школьных установах, працуюць 6 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
В. В. Мянькова расказала пра работу па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па  дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем’ях”. За справаздачны перыяд у сацыяльна-небяспечным становішчы было прызнана 641 дзіця (66,8% дзяцей былі вернуты ў сем’і, пасля нармалізацыі сітуацыі), зараз на ўліку 80 дзяцей з 46 сем’яў. Дзяржаўная абарона з 2011-2014 гады была прадстаўлена 78 дзіцяці (33 – вернуты ў біялагічную сям’ю). У раёне з 2012 года дзейнічае дзіцячы дом сямейнага тыпу. У 29 прыёмных сем’ях выхоўваецца 45 дзяцей.
Немалая частка даклада была прысвечана праблемным пытанням: рамонту ўстаноў адукацыі і абнаўленню матэрыяльнай базы, ёсць істотныя праблемы па кампенсацыі сродкаў абавязанымі асобамі, патрабуе ўдасканалення работа па Дэкрэту №18, не хапае педагогаў асобных спецыяльнасцяў.
У ходзе абмеркавання пытання старшыня райвыканкама У. П. Куранны запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый праводзіць работу па прафарыентацыі пастаянна і мэтанакіравана, і не толькі з выпускнікамі, а, пачынаючы з 6-7 класа, фарміраваць у вучня свядомы выбар неабходнай для раёна прафесіі.
Яго падтрымаў І. А. Шчурок, які таксама накіраваў дырэктараў школ на неабходнасць прафарыентацыі на спецыяльнасці, якія патрэбны раёну. Ён адзначыў у якасці асноўнага накірунку прафесійнай арыентацыі – выбар рабочых прафесій, накіраванасць вучняў на сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы. Заклікаў шырэй выкарыстоўваць магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі падкрэсліў, што ў вобласці на адукацыю выдзяляецца 27% абласнога бюджэту (у раёне – больш за 40%) – гэта вялікая сума. Хацелася б больш, каб адразу вырашыць усе праблемы, усё адрамантаваць, абнавіць камп’ютарную базу і г. д., але трэба зыходзіць з рэалій і магчымасцяў.
Іван Антонавіч паабяцаў падтрымку ў завяршэнні рамонту і абнаўленні матэрыяльнай базы СШ №1 г. п. Шуміліна і раённай гімназіі.
Ён паставіў задачу паўней выкарыстоўваць педагагічны патэнцыял раёна, павышаць кваліфікацыйны ўзровень педагогаў, вынікі іх працы.
Справаздачу аб выкананні прагнознага паказчыка па экспарце турыстычных паслуг у 2014 годзе трымаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў. Паслугі для замежных турыстаў у раёне аказваюць дзве арганізацыі  – ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” і раённая арганізацыйная структура рэспубліканскага ДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, якія не выконваюць прагнозны паказчык па экспарце паслуг. У якасці галоўнай прычыны такога становішча дакладчык і кіраўнікі названых арганізацый лічаць знішчэнне асноўнага паляўнічага віду – дзіка (з-за сітуацыі з АЧС).
“Трэба не прыдумваць апраўданні, а шукаць выйсце, – лічыць старшыня райвыканкама. – Чаму лясгас ніяк не пабудуе другі “Дом паляўнічага”, каб павялічыць колькасць турыстаў? Чаму не прапаноўваюць разнастайныя паслугі: рыбалку, актыўны адпачынак на прыродзе, іншае?” У ходзе абмеркавання “ўсплылі” пытанні ўладкавання рэкрэацыйных зон на берагах вадаёмаў, будаўніцтва гасцініц, прадастаўлення турыстам розных відаў адпачынку.
А. У. Мазанкоў паведаміў, што ёсць першы вопыт палявання іншаземцаў на бабра, лісу, янотападобнага сабаку. Турысты засталіся задаволенымі. Разлікі паказваюць, што маючыя быць дамоўленасці і дагаворы з турфірмамі дазволяць да канца года выканаць прагнозны паказчык.
Трэцім па ліку, але не па значнасці было пытанне аб мерах па выплаце заработнай платы ў сельгасарганізацыях раёна. Таму на пасяджэнне былі запрошаны не толькі кіраўнікі, але і спецыялісты прадпрыемстваў.
Іншага спосабу рашэння названай праблемы, чым павелічэнне колькасці і якасці прадукцыі, не існуе. Толькі эфектыўная вытворчасць, высокая прадукцыйнасць працы можа зняць  гэтую праблему. Менавіта ў такім ключы павёў абмеркаванне пытання У. П. Куранны. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што заработная плата павінна быць заробленай, між тым, ёсць прыклады ў асобных арганізацыях, калі налічаная зарплата больш, чым кошт рэалізаванай прадукцыі. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў неадкладна прывесці гэтыя паказчыкі ў адпаведнасць.
Быў дадзены падрабязны аналіз страт па кожнай гаспадарцы. У ходзе аналізу былі названы і шляхі росту даходаў прадпрыемстваў, у прыватнасці, аптымізацыя адміністрацыйнага апарата арганізацый. Але асноўная крыніца даходаў – павелічэнне валавой і таварнай вытворчасці малака і мяса, рост надояў і прывагі, паляпшэнне якасных паказчыкаў прадукцыі.
Старшыня райвыканкама звярнуў увагу кіраўніцтва і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на жорсткі, штодзённы кантроль за выплатай зарплаты ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2014 г.



2 комментария по теме “Ориентировать учеников на нужные в районе специальности

  1. Ориентация одна — зарплата. Была бы сегодня у молодого специалиста зарплата миллионов 8-10 и перспектива жилья, был бы решен вопрос кадров. А одними словами сегодня никого не убедишь, всё равно убегут.

  2. Жаль, что району не нужны модельеры, ландшафтные дизайнеры,промоутеры, супервайзеры,бренд-менеджеры, логисты, копирайтеры, режиссёры, стюардессы, космонавты, виноделы, кинологи, дипломаты, менеджеры, Веб-дизайнеры…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *