Снаров встречался с людьми и помогал им решать вопросы

Официально Президент

Пытанні розныя, але камунальных больш за ўсё
На “прамую лінію”, якую праводзіў у суботу 4 лютага старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, патэлефанавалі 9 чалавек, яшчэ 5 прыйшлі на асабісты прыём. Як і заўжды, большасць пытанняў тычылася тых ці іншых камунальных праблем. Кіраўнік раёна ўнікаў у кожнае пытанне, разбіраўся ў сітуацыі, каб дапамагчы людзям.
Першае тэлефанаванне было з вёскі Гаравыя Обальскага сельсавета. Званіла жонка 77-гадовага ветэрана працы, які шмат гадоў адпрацаваў на жывёлагадоўчым комплексе ААТ “Лаўжанскае”. Па яе словах, яны ўжо некалькі тыдняў просяць прывезці дровы, але кіраўніцтва гаспадаркі толькі абяцае. Магчыма цяпер, пасля даручэння старшыні райвыканкама, кіраўніцтва адрэагуе больш аператыўна і павернецца тварам да пажылых людзей.
На асабісты прыём прыйшоў жыхар дома №14 па вуліцы Юбілейнай, каб паскардзіцца на халодныя батарэі ў кватэры. З гэтага ж дома былі і два тэлефанаванні з такой жа скаргай. Галоўны інжынер УП ЖКГ Аляксей Догель, які прысутнічаў на “прамой лініі”,  расказаў, што ў камунгасе працуюць над рашэннем гэтай праблемы. Ён, дарэчы, выказаў прэтэнзіі і да жыхароў дома, якія не пускаюць у кватэры сантэхнікаў, якім трэба спусціць паветра з ацяпляльнай сістэмы. Дзяжурная змена сантэхнікаў працавала на доме і ў суботу.
Тэлефонныя званкі тычыліся асвятлення на ву-ліцы Падгорнай, ачысткі ад снегу і падсыпкі вуліцы ў Каравайніцы, разлікаў па аплаце камунальных плацяжоў ў г. п. Обаль. Усе пытанні адрасаваны УП ЖКГ для аператыўнага вырашэння.
Жыхарка райцэнтра ўзняла  “лазневае” пытанне. Ёй растлумачылі, што цэнтральная лазня знаходзіцца ў аварыйным стане і закрыта, у Шуміліне засталася лазня ў аграгарадку Светласельскі. У лазні праведзены значны рамонт, будзе арганізавана работа буфета, працаваць яна будзе па пятніцах і суботах. Але заяўніца паскардзілася на тое, што лазня знаходзіцца далёка, і прасіла арганізаваць аўтобусны рух па лазневых днях. Гэтае пытанне накіравана адпаведным службам для больш дасканалага вывучэння і вырашэння.
Вострую праблему ўзняла жыхарка адной са шматпавярховак у цэнтры: у доме ёсць дзве кватэры, гаспадары якіх п’юць, вядуць асацыяльны вобраз жыцця, нядаўна ў адной з кватэр адбыўся пажар. “Ці нельга іх выселіць?” – запытала заяўніца. Гэтыя жыхары праблемныя і для УП ЖКГ, бо за імі лічацца вялізныя даўгі па квартплаце. Кіраўнік раёна адрасаваў пытанне службам, якім па сілах прымусіць грамадзян не парушаць правілы агульнага пражывання.
Тэлефанаванне з Мікіціхі тычылася перадачы ў арэнду вадаёма, на якім адпачываюць работнікі “Лаўжанскага”. Маўляў, арандатары забароняць лавіць там рыбу і, наогул, адпачываць. Заяўніку дадзена тлумачэнне, што арэнда вадаёма забяспечыць паступленне грошай у бюджэт, арандатары абавязаны правесці зарыбленне вадаёма, забяспечыць догляд за ім, а адпачываць каля вадаёма, захоўваючы правілы адпачынку, ніхто не забароніць.
Жыхар райцэнтра, які  прыйшоў на прыём да старшыні, будуе дом на вуліцы Свабоды. Яму трэба, каб на ўчастак заехаў кран, а заехаць можна толькі з боку ву-ліцы Сіпко. А там ён ніяк не можа знайсці паразумення з жыхарамі шматпавярхоўкі. Заяўнік прасіў дапамагчы пераканаць шумілінцаў, ён гатовы аднавіць добраўпарадкаванне двара, калі што будзе пашкоджана.
Жыхарка Шуміліна прасіла даць вызваленне ад платы на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў па дэкрэце №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Ёй растлумачылі парадак вызвалення ад гэтай платы ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй і прапанавалі звярнуцца ў службу “адно акно” райвыканкама, якая працуе і па суботах.
Таксама жыхар райцэнтра паскардзіўся на тое, што шматпавярховы дом, у якім ён жыве, ніяк не трапіць у праграму капітальнага рамонту. Гэтая сапраўдная праблема, патлумачыў старшыня райвыканкама, якую б вельмі хацелася вырашыць і адрамантаваць усе дамы адразу, але грошай, што збіраюцца на капрамонт, хапае для рамонту аднаго-двух дамоў у год. Менавіта з гэтым і звязаны пераносы капрамонтаў.
У кабінеце кіраўнік раёна прымаў тэлефанаванні да 12.00, але на гэтым “прамая лінія” не скончылася, бо разам з Аляксеем Догелем старшыня райвыканкама выехаў на Юбілейную, 14 і па іншых праблемных адрасах, каб разабрацца ў сітуацыі на месцы. Дарэчы, на месцы было станоўча вырашана і пытанне з заездам крана на ўчастак.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *