На «прямую линию» председателя Шумилинского райсовета позвонило 12 человек, трое пришли лично

Актуалии Общество Президент

Пра малако, дарогі і вываз смецця

Мяркуючы па колькасці званкоў на “прамую лінію” да старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай, якая прайшла ў мінулую суботу, нашых грамадзян у гэтыя  дні турбуюць не толькі навагоднія клопаты і Калядныя святы. 12 чалавек патэлефанавалі і тры чалавекі прыйшлі на асабісты прыём да Ірыны Мікалаеўны.
Першы званок быў ад жыхароў вёсак Федзькава і Лявонава, сяльчане абураліся на тое, што ў суботу ў іх ніхто не забраў малако ў насельніцтва.
Не менш злабадзённае пытанне ўзнялі жыхары вёскі Гаравыя-2. Вясной гэтага года яны сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай – вялікагрузная тэхніка пабіла іх дарогу так, што ні праехаць было, ні прайсці. Тады да вырашэння пытання падключылася кіраўніцтва райсавета і дарогу аднавілі. Позняй восенню ля Гаравых-2 загудзела тэхніка, і магутныя лесавозы зноў сапсавалі дарогу. Старшыня райсавета дала даручэнне начальніку ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкіну неадкладна разабрацца з сітуацыяй і аднавіць пад’езд да вёскі.
Два пытанні тычыліся жыллёва-камунальнай сферы. Так, у прыватнасці, у вёсцы Полькавічы апошнім часам чамусьці не  вывозяцца цвёрдыя бытавыя адыходы; жыхарка в. Башні не згодная з налічаным памерам аплаты за камунальныя паслугі. Звароты адрасаваны кіраўніцтву УП ЖКГ.
Паступілі званкі ад жыхароў раёна па выплаце надбавак за закупленых цялят, па вулічнаму асвятленню (в. Гаравыя), па невыкананні санітарных нормаў у магазіне райспажыўтаварыства (в. Лескавічы), па парадку і відах аказваемых сацыяльных паслуг насельніцтву (в. Андрэеўка).
Тры чалавекі скарысталі магчымасць прыйсці на асабісты прыём да старшыні райсавета дэпутатаў. Жыхарка в. Прыазёрная звярнулася з пытаннем прыватызацыі жылля. Як высветлілася, жанчына прапусціла ўсе тэрміны на прыватызацыю, яна не падала нават заяву, якая паводле заканадаўства павінна была быць пададзена ў адпаведную інстанцыю да 1 ліпеня 2016 года.
З просьбай аказаць садзейнічанне і прыняць дэпутату ўдзел у ацэнцы па вызначэнні няякаснага выканання рамонту даху прыватнага дома прыйшла жыхарка райцэнтра.
Прыйшоў на прыём і жыхар раёна, які хоча ўзяць у арэнду водныя аб’екты.
Па выніках «прамой лініі» і асабістага прыёму старшыня раённага Савета дэпутатаў дала даручэнні кіраўнікам адпаведных службаў да канца тыдня разабрацца з праблемамі, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння, і даць адказы заяўнікам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №101 ад 27.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *