Угодкі Фацімскіх аб’яўленняў адзначылі каталікі Шуміліншчыны

Духоўнае Новости Общество

Угодкі Фацімскіх аб’яўленняў адзначылі каталікі Шуміліншчыны

Хаця, чаму толькі Шуміліншчыны? Традыцыйна 13 мая ў касцёл Маці Божай Фацімскай у Шуміліне збіраюцца людзі з усіх куткоў Беларусі. І ў гэты раз апладысментамі віталі вернікі пешую пілігрымку з віцебскага  касцёла Святой Барбары, узначаліў якую айцец Кшыштаф. А тое, што сярод пілігрымаў былі прадстаўнікі Расіі і нават Афрыкі, дазваляе гаварыць пра міжнародную прадстаўнічасць групы. Яны ўвайшлі ў касцёл з песнямі пад гітару, падтрымаўшы святочнасць і ўрачыстасць мерапрыемства.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч (на здымку), якога, дарэчы, павіншавалі з гадавінай яго святарскага пасвячэння. Словы віншаванняў і спадзяванні на найлепшы вынік яго працы на карысць веры ад імя ўсіх вернікаў выказала Ірэна Кажанеўская. Апроч прадстаўнікоў каталіцкай царквы ў богаслужэннях удзел узялі і прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы.
Святая Імша была напоўнена заклікамі да міласэрнасці і прабачэння, якія здольныя выратаваць свет. Якія б узрушэнні не перажывала сусветная грамадскасць, гэтыя высакародныя праяўленні чалавека вядуць да выратавання душы.
Пасля святой Імшы вакол касцёла прайшла працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай. Фінішавала гэтае, як і заўжды, прыгожае, радаснае і ўрачыстае свята, выступленнем ансамбля “Гарэзнікі” Обальскага Дома культуры.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *