Гарачы час для прафсаюзаў

Актуалии Общество Экономика

Гарачы час для прафсаюзаў


Падчас жніва прафсаюзным лідарам няма калі заседжавацца ў кабінетах. Яны разам з механізатарамі на полі, на зернесушылках. Правяраюць, у якіх умовах працуюць камбайнеры, рабочыя і вадзіцелі, ці выконваюцца патрабаванні па ахове працы. Гэтыя і іншыя пытанні кантралявалі на мінулым тыдні старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гутараў і старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Васіль Юхнавец у ААТ “Прыазёрны мір”.
Прыезд прафсаюзных лідараў на поле якраз супаў з абедам. Камбайнеры спыніліся, каб перакусіць, а заадно пагутарыць з гасцямі. “Як вас кормяць? Што на абед?” – пацікавіўся ў механізатараў Віктар Сяргеевіч Гутараў. “Абеды сытныя, іх прывозяць са сталовай ААТ “Лаўжанскае”,  – пачулася ў адказ. – Сёння вось суп, макарона з курацінай, салата і кампот. На поле падвозяць ваду і мінералку – у спякоту вельмі хочацца піць”.
В. С. Гутараў нагадаў механізатарам пра бяспеку працы, асцярожнасць і абачлівасць пры рамонце тэхнікі. Прывёў прыклад з Вілейкі, калі механізатар спрабаваў рамантаваць уключаны камбайн і пакалечыўся. “Беражонага бог беражэ, – паўтарыў кіраўнік прафсаюза АПК Віцебшчыны ўсім вядомую ісціну. – Беражыце сябе, бо сваім сем’ям вы патрэбныя жывымі і здаровымі”.
В. С. Гутараў нагадаў пра беражлівае стаўленне да маёмасці – трактароў, машын, паліва – і заклікаў механізатараў да якаснай ўборкі: “Не трэба ні гнацца адзін за адным, ні бегчы, на рахунку – кожны каласок. Менавіта ад вас залежыць, ці будзе ён абмалочаны”.
Напрыканцы сустрэчы прафсаюзныя лідары падзякавалі механізатарам за добрую работу, пажадалі здароўя і дабрабыту. В. С. Гутараў уручыў кожнаму хлебаробу падарункі ад прафсаюза – майкі і кепкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №64 ад 18.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *