«Цаніў людзей працы і разам з імі дабіваўся вынікаў»
У памяці восень 2006 года, на льняныя палеткі СВК “Калгас Прыазёрны” старшыня сельгаспрадпрыемства Васіль Юхнавец прывёз студэнтам з уласнага сада вялікі пакет чырвоных сакавітых яблыкаў. Моладзь разабрала пачастунак, падзякавала. І старшыня быў па-бацькоўску задаволены. У гэтым учынку ўвесь ён, Васіль Васільевіч Юхнавец, з яго дабрынёй, шчырасцю і чалавечнасцю.
Гэтая маленькая праява дабрыні згадалася з нагоды юбілею Васіля Юхнаўца, які ён адзначыў нядаўна. У яго жыццёвым багажы – 42 гады працоўнай дзейнасці, якія ён, бягомльскі хлопец, прысвяціў Шуміліншчыне.
У далёкім 1977 годзе Васіль Юхнавец быў прызначаны брыгадзірам калгаса “Ленінскі прызыў”, праз сем гадоў яму прапанавалі ўзначаліць калгас «Праўда”. Прадпрыемства дасталася не з перадавых: на фермах гной вывозілі на тачках, дарогі ў калдобінах, ураджай не ахці. Узяўся за справу, як кажуць, закасаўшы рукавы. Яго цяжка было застаць у кабінеце. Калясіў па гаспадарцы, каб на свае вочы бачыць “прабелы”, разам са спецыялістамі шукаў шляхі выхаду з цяжкай сітуацыі. Лічыў: калі хочаш, каб людзі за табой пайшлі і табе паверылі, паказвай прыклад.
Паступова пачалі ўшчыльную працаваць з новымі гатункамі зерневых і бульбы, пашыраць азімы клін. І калі ўраджайнасць бульбы атрымалі 150 цэнтнераў з гектара, а зерневыя далі больш за 30 ц/га, ніхто гэтаму не здзівіўся. Лён-даўгунец у “Праўдзе” рос на славу – здавалі на льнозавод першым нумарам. І гаспадарку кожны год узнагароджвалі як лідара па вырошчванні гэтай культуры. Быў час, калі сярэднясутачныя прывагі ў цялятніку Непароты на дарошчванні дасягнулі кілаграма. Людміла Маркіянава, Аляксандр Кальнін, Раіса Маліноўская, сям’я Авагімавых, якія даглядалі цялят, былі раённымі перадавікамі. Гаспадарка здавала дзяржаве мяса, на новых фермах «пайшло» малако. Некаторыя даяркі, як, напрыклад, Кацярына Голубева, дабіліся пяцітысячных надояў і ездзілі ў так званы “Клуб пяцітысячнікаў” у абласны цэнтр дзяліцца вопытам работы.
Калгас на той час быў прыбытковым і меў магчымасць гаспадарчым спосабам будаваць аб’екты. Так былі ўзведзены фермы ў Амбросавічах, Непаротах, Маркаве, Чарнецкіх. У Амбросавічах з’явілася новая майстэрня. Толькі адзін старшыня ведаў, колькі сіл і нерваў каштавала даставаць будаўнічыя матэрыялы, колькі ганкаў паабіваць, на колькіх заводах пабываць. Дапамагалі камунікабельнасць і вопыт работы. Мясцовыя людзі называлі Васіля Юхнаўца кіраўніком-будаўніком. З пашанай і павагай, бо пасля будаўніцтва фермаў сіламі сельгаспрадпрыемства былі заасфальтаваны дарогі ў вёсках, узведзены дамы для калгаснікаў у Амбросавічах, Маркаве, Непаротах, Гародне, Чарнецкіх. У Амбросавічах пабудавалі ФАП і калгасную сталовую, капітальна адрамантавалі клуб. Моладзь атрымлівала жыллё і добры заробак. Таму яе нямала працавала ў гаспадарцы.
У 1999 годзе Васіля Юхнаўца абралі дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. А праз некалькі месяцаў кіраўніцтва вобласці прапанавала ўзначаліць ААТ “Шумілінскія сыры”. За амаль чатыры гады кіравання вытворчасць ажыла: сталі фасаваць масла, наліваць малако ў пакеты, прыступілі да рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў.
У 2004 годзе, калі аб’ядналі калгасы «Праўда» і «Іскра», новаму сельгаспрадпрыемству спатрэбіўся талковы кіраўнік. Лепшага, чым Васіль Юхнавец, у раёне не знайшлі. І ён кіраваў СВК “Калгас «Прыазёрны» дзевяць гадоў. Мясцовыя работнікі і сёння згадваюць яго як талковага гаспадарніка, добрай душы чалавека. Аднойчы, калі адну з работніц трэба было везці ў радзільнае аддзяленне, за руль аўтамабіля ноччу сеў старшыня.
У 2013 годзе В. В. Юхнавец узначаліў раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, праз два гады – раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Усяго прафсаюзным лідарам адпрацаваў шэсць гадоў.
Падсумоўваючы вынікі працоўнага жыцця, Васіль Юхнавец адзначае:
«Мне не сорамна людзям у вочы глядзець. Стараўся, умацоўваў калектыў, цаніў людзей працы, дабіваўся вынікаў. І нічога ў сваім жыцці не памяняў бы. Удзячны лёсу, што ў мяне надзейны тыл – жонка Ніна Міхайлаўна, з якой разам выхавалі траіх дзяцей і жывём ужо амаль паўстагоддзя».
З 70-гадовым юбілеем Васіля Юхнаўца павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. За шматгадовую плённую працу імянінніку ўручылі Ганаровую грамату абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

