На заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Общество Президент

Важна прыйсці да паразумення
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла важнасць пытання аб ходзе выканання пастановы прэзідыума райсавета ад 28 лютага 2014 года,  якая датычылася сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх у раёне.
На прэзідыуме  заслухана інфармацыя намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч. Адзначана, што ў 2014 годзе назіраецца зніжэнне злачынстваў з удзелам непаўналетніх (з 12 да 3), за дзевяць месяцаў года  праведзена 24 пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, практыкуюцца выязныя пасяджэнні. Усе падлеткі-школьнікі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, займаюцца ў гуртках і секцыях. На базе ўстаноў раёна з  вучнямі і іх бацькамі наладжана пазакласная работа праз розныя клубы, аб’яднанні. Напрыклад, на базе Обальскай СШ дзейнічае клуб “Дыялог”, у Башнёўскай – “Пераходны ўзрост”, ёсць падобныя аб’яднанні ў Амбросавіцкай і Мішкавіцкай школах, пры Обальскай і Мікі-ціхінскай  СШ працуюць клубы “Юны алімпіец”. Не выпускаюць з-пад увагі  занятасць праблемных дзяцей установы культуры.
Каб заняць праблемных вучняў у вольны час, на перыяд летніх канікулаў адкрываюцца  абаронна-спартыўныя лагеры з удзелам супрацоўнікаў РАНС, РАУС, райваенкамата. Уведзены ў практыку рэйды пад назвамі “Клопат”, “Бяспечнае цяпло”, “Бяспечнае суседства”. За 9 месяцаў года арганізавана 26 раённых рэйдаў у рамках акцыі “Сям’я без насілля”.
Больш актыўна працуе з такой катэгорыяй дзяцей раённы ўрач-нарколаг. За адзначаны перыяд ім праведзена 14 лекцый і 4 тэматычныя вечары, 9 відэасеансаў аб шкодзе курэння, на тэму прафілактыкі піўнога алкагалізму, ужывання спайсаў і г. д. Актыўна працуе з камісіяй і рэдакцыя раённай газеты.
Тым не менш праблем пазбегнуць не ўдалося. Не адкрыта ў раёне група дзённага прабывання для дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Маюцца на ўвазе сітуацыі, калі страцілі блізкіх сваякоў,  у бацькоў не стала працы, іншыя прычыны. Няма пакуль што належнага міжведамаснага кантакту пры рашэнні праблемы.
Нечакана “ўсплылі” некалькі фактаў адключэння ад электраэнергіі сямей, якія не плацяць у пару за паслугі. Прычым рабілася без уліку таго, што ў сем’ях выхоўваліся дзеці. Гэта факт недапушчальны. Як аказалася, не прыйшлі да паразумення кіраўніцтва Энергазбыту і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Зараз трэба абавязкова  падаваць вывераныя спісы непаўналетніх  у той жа Энергазбыт, ва УП ЖКГ і райгаз з указаннем дакладнага адраса і колькасці дзяцей у сям’і.
Вялася гаворка аб беспадстаўнасці зняцця з уліку дзяцей, якія трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. З пачатку года такім чынам было знята 166 чалавек. Лічба ўражвае і… насцярожвае. Такі масіраваны прарыў у рабоце сацыяльна-педагагічнай службы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама не адпавядае рэчаіснасці. Галоўны спецыяліст аддзела Ю. У. Уласевіч сказала, што паўторна з гэтай кагорты за апошнія два месяцы паставілі на ўлік 100 дзетак.
Адзначана, што пастанова прэзідыума ад 28 лютага 2014 года ў асноўным выканана. Работа па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх у раёне працягваецца.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *