Размышления о воспитании: мужская рука

Общество Семья

Роздум пра выхаванне: мужчынская рука
Помню сваё, з дзяцінства. Помню бацькаву руку, помню, як адным махам адвучыў мяне курыць. Ён, бачачы, што іншыя аргументы бяссільныя (а да гэтага ўгаворваў, пераконваў, што курцы не растуць), уціснуў мяне паміж ног (а мне было гадоў дванаццаць), зняў нагавіцы і некалькі разоў прайшоўся салдацкім рэменем па мяккім месцы. Трапіўся раз жалезнай пражкай, і ў мяне пайшла кроў. Матуля заплакала, выхапіла мяне ў “аспіда”.
Тую пражку (адзіны раз за ўсё жыццё  бацька мяне ўдарыў) помню і сёння. Помню, што я кінуў курыць адразу ж,  не цягаў ягоныя папяросы сваім сябрукам. Мне як адсекла. Вось такая была “педагогіка”.
Многае чалавек спасцігае праз боль. Возьмем “за вушка ды на сонейка”. Словы некалі былі ў школе досыць хадавыя, часта так амаль і было – цягалі за вуха, калі што не так. Цягалі і мужчыны-настаўнікі, і настаўніцы.
Сёння нельга. Сёння можаш на гэтым пагарэць, калі вучань паскардзіцца матулі ці бацьку, будзе бяда.
Раней бацькі нашы вучылі жыццю не па педагогіцы. Вучылі як умелі. Зараз кожнае дзіця ведае: і ў яго ёсць правы. І ён чалавек, якога трэба паважаць і з кім лічыцца. І гэта, думаю, правільна, хаця “болевы шок” усё ж не лічу антыпедагагічным. Ва ўсім трэба мера і пачуццё такту, узаемапавагі. Калі дзіця распешчанае, калі яно капрызнае і не хоча слухацца, калі яно ўпартае, напэўна, няма іншага, як “за вушка”. Хаця, паўтаруся, гэта ў выключным выпадку, калі бацька вычарпаў усе метады выхавання. Калі ён, вядома, бацька і дадаў сыну ці дачцэ тое, што абавязаны быў даць – любоў і бацькоўскую павагу. Калі ж ён сам распуста, калі заглядае ў чарку, вечна не голены, за сабой не сочыць, калі не ўмее, як кажуць, цвік забіць – тады  ён не мае ніякага маральнага права на выхаваўчы працэс.
Бацькава, мужчынская рука ў сям’і – гэта не жорсткасць і не пакаранне. Гэта перш за ўсё жаданне ўзяць на сябе ношу самую цяжкую. Дзіця павінна ведаць, што мужчына – гэта сіла, а не ануча, што ёсць на свеце тое, што могуць зрабіць і вынесці толькі мужчынскія рукі. Калі хлопчык хоць раз у жыцці бачыў, як бацька кінуўся ратаваць жанчыну ад хуліганаў, калі запомніў, як моўчкі перабіраецца на верхнюю паліцу ў купэ, бачачы, што ў купэ заходзіць жанчына, – такому хлопчыку не трэба гаварыць нешта аб прыстойнасці і мужчынскай высакароднасці.
Мужчынская рука – гэта строгасць, у нечым, можа, і бескампраміснасць.  Вядома, маем на ўвазе не педантычнасць бацькі, горш таго – не яго валовае жаданне настояць на сваім, на тым, што ягоная думка самая бездакорная і самая правільная. Такая ўпартасць на шкоду дзецям, якія вырастуць такімі ж “валамі”. Важна быць гібкім, узважаным, але ад жыццёвых прынцыпаў не адступацца.
Гора, калі сям’я без бацькі. Або з бацькам, але такім, што сынам ці дачкой зусім не займаецца. Дзецьмі займаецца маці. А маці ёсць маці, яна ўсяляк стараецца засцерагчы сваё птушаня ад жыццёвых нягод, збавіць яго ад трывог. Вось яна або бабуля, увешаныя сумкамі, праводзіць сына або ўнука ў школу, нясуць акрамя ягонага партфеля, і пакет з яго зменным абуткам. Шкада хлопчыка – без бацькі ці, лічы, што так.  Ён вырастае ў жаночым асяроддзі, ён – мамчын сынок. Псіхолагі сцвярджаюць, што ён, пасталеўшы, трапляе ад іх у звышзалежнасць. Ён не хоча жаніцца: а навошта, калі маці ці бабуля добра і смачна яму гатуюць, прышываюць гузікі, купляюць кашулі і сарочкі. Міжволі шкадуеш тую жанчыну, якая прыйдзе ў сям’ю і будзе гэтаму мужчыну за жонку.
Жанчыны-маці часта скардзяцца: чыста мужчынскія ўласцівасці ў характары хлопчыкаў знікаюць. Але ж згадзіцеся: мужчыны некалі былі хлапчукамі, сынамі, і выгадавалі іх такія, а не іншыя жанчыны.  Вось такі парадокс жыцця. Іншая жанчына не трымае ў сям’і п’яніцу, выганяе яго, бо ведае: яна вызваляе сябе ад лішніх і непатрэбных турбот і клопатаў.
Ведаю, аднак, татаў, якія адны, без жонкі, выхавалі, паставілі на ногі сыноў і дачок. Яны самі навучыліся заплятаць коскі, прасаваць адзенне, навучыліся мыць бялізну, нават уручную, гатаваць есці. І што важна – навучылі гэтаму сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Вядома, у такога бацькі амаль не застаецца часу на асабістае, ён можа на нейкі час адмовіцца ад рыбалкі, не пайсці на адкрыццё паляўнічага сезона. Ён ахвяруе гэтым у імя сваіх дзяцей.
І гэта самая вялікая і самая ўдзячная ахвяра, бо што можа быць больш важным, чым бачыць сваё дзіця шчаслівым і разумным. Дзяўчынку – ласкавай, прыгожай і абаяльнай, хлапчука – мужным, смелым і галантным.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №87 ад 11.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *