Братья Архиповы о своём посещении музея Великой Отечественной войны в Минске

Молодёжь

“Я дакрануўся рукой да борта машыны…”
Да 70-годдзя Вялікай Перамогі наша Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат рыхтуецца гэтак жа, як і ўся Беларусь. Праводзяцца тэматычныя вечары, сустрэчы і экскурсіі па месцах воінскай славы.
Так, 4 кастрычніка была арганізавана экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. У музеі працуюць дзесяць экспазіцыйных залаў і зала Перамогі, размешчаная пад шкляным купалам. Зала Перамогі з’яўляецца мемарыяльнай – у ёй ушанаваны імёны Герояў Савецкага Саюза, пералічаны вайсковыя фармаванні, што атрымалі ганаровыя найменні за вызваленне Беларусі. Калі стаіш там, то адчуваеш той час душой.
У музеі  сабраны ўнікальныя экспанаты. Машына ГАЗ-АА прайшла ўсю вайну са сваім сябрам-салдатам Паўлам Міхайлавым. Яна памятае ўсе цяжкасці ваенных дзён, яна дайшла да Берліна. Камандаванне падарыла машыну салдату-пераможцу. Вярнуўшыся ў Беларусь, машына працавала ў калгасе і памятае, як у яе кузаве ўжо былі не снарады, а цёплая пшаніца. Калі гаспадар машыны пайшоў на пенсію, то і яна разам з ім. У 1980 годзе машыну перадалі ў музей.  Я дакрануўся рукой да борта машыны і адчуў, колькі яна перажыла той  парой.
Ва ўсіх залах макеты пакідаюць уражанне жывых. Фрагмент абароны Мінска, усяго тры дні доўжыўся бой, але наколькі ён быў жорсткі. Усё гэта трэба ўбачыць, прадумаць, адчуць, каб усвядоміць, якой цаной адстаялі мір.
Падчас восеньскіх канікул мы з братам Максімам наведалі школьны музей у в. Старое Сяло Віцебскага раёна. Пра тое, што там ёсць экспазіцыя з самай поўнай і дакладнай інфармацыяй пра нашага знакамітага земляка-волата Фёдара Махнова, мы ведалі з кнігі М. Д. Юшкевіч, выпушчанай у 2007 годзе. Аўтар кнігі Маргарыта Дзмітрыеўна – і захавальнік музейных экспанатаў, і экскурсавод.
Яе самая любая тэма – гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Пад музыку даваеннага патэфона мы паслухалі пра тое, як на тэрыторыі Старога Сяла вяліся актыўныя баявыя дзеянні, зямля і дагэтуль захоўвае ў сабе сведчанні пра былыя бітвы. У музеі шмат артэфактаў: нямецкія каскі, ве-лізарныя снарадныя гільзы, кулямётныя стужкі разам з патронамі. Плецены кораб, у якім нямецкія салдаты пераносілі па багністых і цяжкадаступных месцах снарады да сваіх гармат.
М. Д. Юшкевіч асцярожна збірае і захоўвае артэфакты, каб мы маглі дакрануцца да мінулага.
Пачаліся вучэбныя дні. І зноў наша нястомная намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзіяна Іванаўна Кахтэнка збірае ахвотнікаў для падарожжа ў Магілёў на Буйніцкае поле.
Браты Максім і Георгій АРХІПАВЫ, вучні Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната
Надрукавана ў № 89 ад 18.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *