«Главное в жизни — и хлеб, и люди»: репортаж с шумилинских районных Дожинок

Актуалии Сельское хозяйство

“Галоўнае ў жыцці – і хлеб, і людзі…”
Заўсёды ў нашага народа было асаблівае стаўленне да працы на зямлі, да тых, хто на ёй працуе. Гэта цягнецца спрадвеку, бо калісьці кожны чалавек сваімі рукамі вырошчваў хлеб, гадаваў жывёлу, каб накарміць сваю сям’ю. І няхай ўжо зараз большасць жыве ў гарадах, ды і вяскоўцы не ўсе займаюцца сельскай гаспадаркай, але павага да земляроба засталася. Для нашага раёна сельская гаспадарка і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі заўжды былі вядучымі галінамі эканомікі. Да апошняга часу вяскоўцы складалі большасць насельніцтва Шуміліншчыны. Таму асаблівая ўвага да гэтага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
У мінулую пятніцу, напярэдадні свята, каля раённага Цэнтра культуры было шмат машын і людзей – з усіх гаспадарак раёна, з усіх прадпрыемстваў збіраліся лепшыя працаўнікі – механізатары і даяркі, жывёлаводы і вадзіцелі, спецыялісты і кіраўнікі – збіраліся, каб атрымаць віншаванні і ўзнагароды за сваю нястомную працу. У фае цэнтра іх чакалі выстава народнай творчасці “Ураджайны падворак”,  кніжная выстава “Шчодрая ты, ніва залатая!”.
Пачалося свята з уручэння старшыні райвыканкама Уладзіміру Пятровічу Куранному сімвалічнага караваю сёлетняга ўраджаю.  А каравай важкі – 35,6 тысячы тон (22,7 ц/га) сабралі сёлета земляробы раёна. Гэта трэці вынік за апошнія 30 гадоў. Акрамя збожжа намалочана 3,2 тысячы тон рапсу, сабрана 4,5 тысячы тон бульбы. На 1 умоўную галаву жывёлы нарыхтавана 26,6 ц/га кармавых адзінак – гэта лепшы вынік у Віцебскай вобласці. Пра ўсё гэта гаварыў у віншавальным слове кіраўнік раёна. “Сёлета, нягледзячы на няпростыя ўмовы, у якіх знаходзіцца аграпрамысловы комплекс, работнікі сельскай гаспадаркі застаюцца прыкладам працалюбства і цярпення, вернасці і адданасці сваёй прафесіі. Вынікамі сваёй працы могуць ганарыцца ўсе, хто працуе на палях, фермах, перапрацоўчых прадпрыемствах раёна”, – адзначыў Уладзімір Пятровіч.
За 10 месяцаў бягучага года валавы надой склаў 19,3 тысячы тон, прададзена 17,1 тысячы тон малака. Сортам “экстра” рэалізавана 48,6% (гэта ў 2 разы больш, чым ў 2013 годзе). Валавая вытворчасць прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі склала 9,6 тысячы тон, сярэднясутачныя прывагі – 597 грамаў. Рэалізавана 8,5 тысячы тон мяса. Як заўважыў старшыня райвыканкама, за ўсімі гэтымі лічбамі стаіць праца цэлых калектываў, канкрэтных людзей. Яны – галоўныя героі сённяшняга дня.
Ён асабліва адзначыў  калектывы СФГ “Раднік” (кіраўнік Ю. В Сямёнаў, галоўны аграном Л. М. Прыгун) – за высокія вынікі па вытворчасці збожжа; СТАА “Вітконпрадукт (генеральны дырэктар У. П. Некрашэвіч) – за станоўчую работу па вытворчасці мяса птушкі; ААТ “Прыазёрны мір” (дырэктар А. М. Пытко) – за вытворчасць і продаж малака (на жаль, з-за няшчасных выпадкаў на вытворчасці гаспадарка выключана са спаборніцтва).
У. П. Куранны падзякаваў лепшым малаказдатчыкам 2014 года: І. М. Новікавай (а.-г. Башні, прадала 33 тоны малака), У. А. Лінкевічу (в. Мікалаева, 24 тоны), Н. А. Сямёнавай (а.-г. Башні, 16,8 тоны), А. П. Асмалоўскай (в. Андрэева, 12,8 тоны).
Старшыня райвыканкама выказаў словы падзякі работнікам гарадскіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна за дапамогу вяскоўцам ў правядзенні асноўных сельскагаспадарчых работ, па ўборцы ўраджаю, навядзенні парадку на фермах і мех-дварах, у сельскіх населеных пунктах.
Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама пераможцам спаборніцтваў сярод  сельскагаспадарчых арганізацый і работнікаў, якія дасягнулі лепшых вынікаў ў развіцці АПК у 2014 годзе.
За лепшыя вынікі ў вытворчасці збожжа, бульбы, рапсу, насення шматгадовых траў узнагароды прымала СФГ “Раднік” (кіраўнік Ю. В. Сямёнаў). Сам Юрый Віктаравіч названы лепшым кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства ў раёне. Дарэчы, гаспадарка атрымала і Грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Граматы за лепшыя вынікі ў вытворчасці кармоў і мяса, за другое месца ў вытворчасці малака атрымала ААТ “Ляжні” (дырэктар В. В. Яцко).  За лепшыя вынікі па ўзнаўленні статка, другое месца па вытворчасці кармоў, рапсу, мяса, рамонце і добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых памяшканняў атрымала граматы і падзякі ААТ “Прыдзвінскі” (дырэктар У. І. Дзятлаў).
У. П. Куранны ўзнагародзіў лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, механізатараў, даярак і жывёлаводаў. (Рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб выніках спаборніцтваў у аграпрамысловым комплексе раёна ў 2014 годзе чытайце на 1 і 3-й старонцы).
Кіраўнік раёна цёпла павіншаваў з прафесійным святам ветэранаў працы і ўручыў ім каштоўныя падарункі. А. С. Бегуноў, А. А. Радзевіч, М. М. Рудоў, Л. А. Скітоў, В. А. Грузневіч яшчэ ў савецкі час былі ўзнагароджаны ордэнамі за сваю напружаную працу ў сельскай гаспадарцы.
“Нізкі паклон усім вам – асабліва ветэранам і перадавікам вытворчасці, за самаадданую працу і вернасць сялянскаму доўгу. Моцнага здароўя вам, вашым родным і блізкім, шчасця, дабра, міру і дабрабыту. Поспехаў вам у працы, упэўненасці ў заўтрашнім дні і спрыяльных умоў на будучы сельскагаспадарчы год!” – пажадаў напрыканцы выступлення старшыня райвыканкама.
Падзякі прызёрам працоўнага спаборніцтва, якія занялі другія і трэці месцы, а таксама лепшым спецыялістам сельскай гаспадаркі, уручыў выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. В. Багатка.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў уручыў узнагароды калектывам і асобным работнікам за найбольшы ўклад у развіццё АПК, тым, хто дапамагаў і дапамагае работнікам сельскай гаспадаркі вырошчваць прадукцыю, рамантаваць фермы, убіраць ураджай. З асаблівай цеплынёй сустрэла зала самых юных удзельнікаў жніва – вучняў школ раёна: Валерыя Чаранка (Мішкаўская д/с-БШ), Аляксея Калеснікава (Слабадская д/с-СШ) і Вольгу Касцюкову (Амбросавіцкая д/с-СШ).
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая павіншавала з перамогай і ўручыла ўзнагароды маладым механізатарам: М. У. Жыгунову і М. С. Шармухе (ААТ “Прыазёрны мір”), К. С. Калдунову (ААТ “АграБаравінка”), Д. В. Бязрукаву (ААТ “Прыдзвінскі”).
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК раёна В. В. Юхнавец уручыў граматы абкама прафсаюза работнікаў АПК лідару прафсаюзнай арганізацыі Шумілінскага ПМС М. С. Забалоцкай і Т. В. Івановай з ААТ “Прыазёрны мір”.
Пасля афіцыйнай часткі свята работнікі раённай культуры і самадзейныя артысты падрыхтавалі для вяскоўцаў цудоўную канцэртную праграму.
У тым і асаблівасць вясковай працы, што ўжо пасля канцэрта многія з вяскоўцаў накіраваліся адразу на свае працоўныя месцы – праца сельская не дае перапынку, у ёй няма выхадных і святочных дзён. Бо і ў гэтыя дні трэба даіць кароў, падвозіць кармы, карміць цялят, парасят і птушанят. Нават у святочныя дні трэба перапрацоўваць малако, вырабляць смятану і сыры, гатаваць мяса і каўбасы. І нельга спыняцца, паколькі хлеб, мяса, малако чакаем у крамах штодзень усе мы. Толькі падумаўшы пра гэта, разумееш, чаму зямлю называюць Карміцелькай, а вясковых працаўнікоў – Карміцелямі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 89 ад 18.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *