Первый этап конкурса “Учитель года” прошёл в школах района

Актуалии Образование

У Язвіне лідар вызначыўся
Раз у два гады збірае сталіца лепшых настаўнікаў з усёй рэспублікі, каб выбраць з іх найлепшага і ўручыць яму сімвал беларускай педагогікі – “Крыштальнага жураўля”. Але першы этап па выбары лепшага настаўніка пачынаецца ў школах. Педагогі праходзяць нялёгкія іспыты, каб трапіць спачатку на раён, потым на вобласць.
Стаць пераможцам няпроста. Неабходна дасканала ведаць тэорыю педагогікі і дыдактыкі, быць сапраўдным асам ў сваім прадмеце, карыстацца аўтарытэтам у калег, павагай вучняў. А яшчэ трэба мець артыстычныя здольнасці, валодаць сучаснай інфармацыйнай тэхнікай, наогул мець сваю адметнасць, каб даказаць усім і, напэўна, сабе, што можаш НАСТАЎНІКАМ быць.
Менавіта такія думкі прыходзілі падчас назірання за тым, як адбывалася падвядзенне вынікаў конкурсу “Настаўнік года” ў Язвінскай базавай школе. Чатыры педагогі, чатыры настаўнікі змагаліся за ганаровае званне.
В. М. Іванова, настаўнік вышэйшай катэгорыі, амаль тры дзесяцігоддзі выкладае рускую мову і літаратуру. Навучыць дзяцей разумець слова, адкрыць для іх скарбонку сусветнай літаратуры – галоўная задача для педагога.
І. У. Залатарова выкладае ў школе нямецкую мову. Перакваліфікацыю прайшла параўнальна нядаўна, але педагагічны стаж ужо даволі вялікі і выніковы.
Настаўніцу фізкультуры А. У. Караленка добра ведаюць у раёне. Яе любяць вучні, паважаюць калегі. Напэўна, ніводнае спартыўнае мерапрыемства не абыходзіцца без яе вучняў і іх перамог. Вядомая цяпер усёй рэспубліцы Ганна Сола таксама пачынала сваё ўзыходжанне да спартыўных вышынь у Антаніны Уладзіміраўны.
Аўтарытэт Н. А. Каротчанка (на здымку) на вышэйшым узроўні не толькі сярод калег–беларусазнаўцаў, але і сярод усяго педагагічнага калектыву раёна. Самаадданасць працы, роднай мове выклікаюць захапленне і павагу.
Педагогі-канкурсанты на працягу тыдня давалі адкрытыя ўрокі, прапаноўвалі ўласныя сістэмы навучання, дыдактычныя матэрыялы. Яны адказвалі на тэарэтычныя пытанні і паказвалі свае візіткі. Вынікі конкурсу былі падведзены ў мінулы чацвер. Пераможцай названа Надзея Аляксандраўна Каротчанка. Яна атрымала грамату і прэмію. Астатнія ўдзельнікі сталі лаўрэатамі конкурсу і таксама атрымалі матэрыяльнае заахвочванне.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў № 99 ад 21.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *