А ты бросил курить?

Здоровье Общество

Ці кінуў ты курыць?..
Калі пішу нататку, на календары 18 лістапада. На календары  адметны дзень –  Міжнародны дзень адмовы ад курэння. Ці многія кінуць сёння курыць, ці многія зразумеюць, што курыць – шкодзіць здароўю? І сабе, і тым, хто побач, хто ўдыхае цыгарэтны дурман, выпушчаны з ягонай цыгарэты?..
Пытанне не пустое, не дарэмна яно стаіць перад чалавекам дзясяткі, сотні гадоў. Можа, нават з таго дня (а мо і назаўтра), як толькі завезлі тытунь у Расію.
Дык ці многія кінуць? Кінуць, не сумняваюся. Хаця, калі сур’ёзна, кінуць курыць (вядома ж, назаўсёды, а не жартам) удаецца не кожнаму. Прывыкнуць лёгка, многія прывыкаюць вучнёўскай парой, і гэтая згубная звычка пераходзіць са школьнай лаўкі на студэнцкую, адтуль – на першую сталую працу. І калі “стаж” гадоў пад пятнаццаць, кінуць курыць – не кош сплесці. Многія кідаюць і зноў пачынаюць, кідаюць і зноў бяруцца за цыгарэту.
Колькі напісана артыкулаў, брашур, колькі абаронена дысертацый, з тым, каб давесці чалавеку згубнасць ягонай прывычкі, а воз скранаецца з месца цяжка. Мала таго, калі раней, у пару нашых дзядоў, жанчыны калі і курылі, то рэдка, і ў буйных гарадах, то зараз іх развялося шмат. Заціскае каторая сваімі мініяцюрнымі пальчыкамі тоненькі фільтр “Мальбара” і падносіць да свайго напамаджанага роціка…
Не прыпомню, калі нехта з дзяўчат нашага класа курыў. Не модна было. А мы, хлопцы, спрабавалі. Праўда, пасля першай спробы, якая для мяне закончылася правалам (пасля бацькавай папругі), вярнуўся да курава на другім курсе інстытута. Хлопцы курылі і я ўзяўся. І гэтая звычка прыйшла са мной у школу, дзе вучыў дзяцей беларускай мове. Курылі, вядома ж, употай, каб не бачылі вучні. А ўсё адно ў маім класе праз цыгарэту прайшлі трое хлопцаў. Адзін з іх не кінуў звычку і пасля школы.
Калі прыйшоў у рэдакцыю, курыў. Нямнога, але без цыгарэты пасля сняданка не абыходзілася. Гэта як закон – пакурыць пасля яды. А пасля адчуў, што баліць сэрца, што “скача” крывяны ціск. Кінуў. Не курыў, можа, месяцы тры, а пасля была нейкая бяседа, і зноў закурыў. Махнуў рукой, маўляў, колькі той радасці ў жыцці, і яе сабе не дазваляць?! І не цяміў я тады, што гэта была не радасць, не ўцеха, мне хацелася працягу той маладосці, калі за кампаніяй і пры цыгарэце я не быў белай варонай.
Зноў мяне “клюнуў” певень (адчуў ціск), кінуў. Думаў, назаўсёды. Не, зноў узяўся. Браўся разоў пяць ці восем, не помню. І вось калі прыходзіць час “пенсіёну”, раптам разважаю: а нашто купляць па 7900 NZ, траціцца пры  канаплянай пенсіі? Ды і зноў жа здароўе ўжо не тое…
Кінуў, пяты дзень не куру. Хаця, прызнаюся, і курыў тры цыгарэты на дзень, вечарам. Разлічваю, што гэтая спроба – апошняя, што не давядзецца прыйсці да той “радасці” ў жыцці, якой хацелася па сваім бязволлі.
Як кінуць курыць? Сур’ёзна задацца мэтай! Ёсць нямала рэцэптаў, у тым ліку і ў інтэрнэце: і зменшыць колькасць выкураных цыгарэт, і выкідваць цыгарэту пасля трох-чатырох зацяжак, і не курыць нашча…
Можа, у каго і ёсць больш моцная сіла волі, больш важная, чым была ў мяне, матывацыя адмовіцца ад курэння? Калі так, то і праблем пакончыць з гэтай прыкрай звычкай не павінна быць.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў № 90 ад 21.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *