Хлеборобы ООО «Приозёрный мир» Шумилинского района справили свои «Дожинки»

Актуалии Сельское хозяйство

І славу мы пяём рукам, што вырасцілі хлеб
У мінулую суботу, напярэдадні Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, у Амбросавіцкім сельскім клубе было шматлюдна – тут ААТ “Прыазёрны мір” ладзіла свята “Дажынкі”.
Вясковых працаўнікоў павіншаваў са святам в. а. начальніка райсельгасхарчу В. В. Багатка. Ён пажадаў усім дабрабыту і поспехаў. А калектыву фермы Дабея (загадчыца М. К. Янушэвіч) за важкія поспехі ў рабоце ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама.
У гэты святочны дзень гаварылі шмат ухвальных слоў людзям, якія працуюць на зямлі, якія не прамянялі сваё жыццё на гарадскія выгоды. Асабліва душэўным было выступленне дырэктара ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко. Ён не шукаў узнёслых слоў, гаварыў проста і шчыра:  “Дарагія сябры! Я ганаруся галоўным багаццем сваёй гаспадаркі – людзьмі. Дзякуючы вашым залатым рукам родзіць ніва, ёсць поспехі ў жывёлагадоўлі. Вы ўмееце  рупліва працаваць з ранку да вечара. Поспехі на палях залежалі не толькі ад надвор’я і спраўнасці трактароў, але  і ад вашага працалюбства і мудрасці, ад той часцінкі душы, якую вы ўкладвалі ў кожны засеяны, апрацаваны і ўбраны гектар”. За гэтымі словамі – рэальныя поспехі гаспадаркі: 4233 тоны намалочанага зерня ў бункернай вазе; 22,68 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы і многія іншыя. Ёсць поспехі і ў жывёлагадоўлі: за студзень-кастрычнік бягучага года валавая вытворчасць малака склала 3465,7 тоны, надой на карову – 3008 кілаграмаў,  рэалізацыя малака дзяржаве – 3115,5 тоны.
У гэты ўрачысты дзень лепшыя механізатары, жывёлаводы, спецыялісты, рабочыя былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі. На сцэну адзін за адным падымаліся мужчыны і жанчыны. І, трэба адзначыць, сярод іх было многа маладых. Аляксей Мікалаевіч з гордасцю адзначыў, што ў ААТ “Прыазёрны мір”  самы малады калектыў механізатараў у раёне.
На свяце прысутнічаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец, які меў непасрэднае дачыненне да гэтай гаспадаркі.  Ён узначальваў калгас “Праўда”, які потым перайменавалі ў “Прыазёрны мір”, больш за дваццаць гадоў. Таму Васілю Васільевічу асабліва было прыемна віншаваць тых, з кім разам працаваў.
Работнікі Дома культуры парадавалі вяскоўцаў добрым канцэртам. А напрыканцы свята старшыня прафсаюзнага камітэта Т. В. Іванова ААТ “Прыазёрны мір” уручыла ветэранам працы памятныя падарункі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 90 ад 21.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *