В Оболи прошёл турнир по греко-римской борьбе

Актуалии Новости Спорт

Першая цагліна ў падмурак чэмпіёнаў

18-19 лістапада ў Обалі прайшоў традыцыйны турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці членаў падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. У спаборніцтвах бралі ўдзел больш за 100 юных спартсменаў як з Віцебшчыны, так і з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Обальскі турнір па грэка-рымскай барацьбе даўно стаў адной з візітных картак класічнай барацьбы на Віцебшчыне. Ля вытокаў турніру разам з обальскім трэнерам Пятром Ганушчанкам быў і знакаміты віцебскі трэнер  Рэваз Гігауры. За вернасць турніру арганізатары ўручылі  Рэвазу Ірадзівонавічу падарунак.
Паказальныя выступленні прызёраў кадэцкіх чэмпіянатаў свету і Еўропы, неаднаразовых чэмпіёнаў Беларусі Вадзіма і Уладзіслава Грачухіных, Ягора Ганушчанкі  сабралі шквал апладысментаў. На сённяшні дзень гэтыя спартсмены – самыя знакамітыя обальскія класікі, і іх шлях пачынаўся менавіта з гэтага турніру.
У рамках падрыхтоўкі да кадэцкага  першынства Беларусі па грэка-рымскай барацьбе на турніры кадэты праверылі свае сілы перад галоўным стартам  сезона. Іх паядынкі сталі сапраўдным ўпрыгожаннем спартыўнага свята, юныя барцы ўжо маюць багаты практычны вопыт. Яны заявілі пра сябе ў дзіцячым спорце, неаднаразова выйгравалі абласныя і рэспубліканскія старты.  Два мацнейшыя спартсмены-кадэты – абальчанін Дзмітрый Кучмароў і шумілінец Кірыл Крыўко. Які ў іх быў паядынак: тактыка, прыгожыя прыёмы, майстэрства! Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымаў Дзмітрый Кучмароў.
“Сёлетні турнір праводзім для самых юных спартсменаў, – расказвае трэнер Пётр Ганушчанка. –  Трэнеры прывезлі  пераважна 8-10-гадовых барцоў. Хлопчыкі робяць свае першыя крокі ў спорце, некаторыя з іх трэніруюцца літаральна некалькі месяцаў. Для іх кожны турнір – своеасаблівая цаглінка ў падмурак будучых перамог”.
Зразумела, пра тэхніку барацьбы, тактычныя раскладкі гаварыць не прыходзіцца. Часта было, калі барэц па ходу паядынку выйграваў 7:0, але сустрэчу прайграваў. Гэта дзіцячы спорт, гэта эмоцыі. За кожнай сустрэчай дбайна назіралі трэнеры, безумоўна, яны рабілі падказкі сваім выхаванцам, але, як заўважыў Рэваз Гігауры, найперш для трэнера  такія паядынкі – гэта поле для далейшай працы, бо на дыване бачна, чаго не стае і над чым трэба працаваць.
Пётр Ганушчанка падкрэсліў, што не ставіў перад сваімі барцамі задачу перамагчы любой цаной. Важна, каб дзеці напрактыкаваліся. Пётр Васільевіч застаўся задаволены выступленнямі  Ільі Канстанцінава, Яўгена Ліпчанкі, Арсенія Лосева, Вячаслава Цітова, Цімафея Карасёва і Анатоля Анцупава. Меркаванне Пятра Ганушчанкі падтрымаў і шумілінскі трэнер Юрый Сцяпанаў: “Больш вопытныя спартсмены выступілі на сваім ўзроўні. Са сваіх асабліва хачу выдзеліць 9-гадовага Івана Аляксандрова. Хлопчык даказаў, што з яго пры умове ўпартых трэніровак можа вырасці чэмпіён”.
Дэбютавалі на обальскім турніры выхаванцы Башнёўскага аддзялення грэка-рымскай барацьбы Шумілінскай СДЮШАР. Малады трэнер Яўген Асташонак выставіў на спаборніцтвы двух спартсменаў. Адзін з іх – Арцём Галуза – быў самым юным удзельнікам турніру. Але нягледзячы на гэта, Арцём “дабароўся” да трэцяга месца і яму ўручылі прыз глядацкіх сімпатый.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №91 ад 24.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *