Уроженец Шумилинского района Семён Василевич погиб в боях за Украину

Актуалии

Загінуў у баях за Украіну
“Магчыма, вам будзе цікавы матэрыял пра майго дзядзьку Сямёна Васілевіча”,  –  распавёў размову Уладзімір Аляксандравіч Васілевіч, наш зямляк, які зараз жыве ў Мінску. Сам былы танкіст, палкоўнік у адстаўцы, ён нарадзіўся і вырас у Шуміліне. У. А. Васілевіч, даўно шукаў звесткі пра свайго дзядзьку, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. І нарэшце яму ўдалося сабраць інфармацыю пра баявы лёс С. А. Васілевіча.
Сямён Андрэевіч Васілевіч нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Пенцюхі (Высачаны, зараз не існуе) Дабейскага сельсавета Сіроцінскага раёна. У 1940 годзе быў прызваны ў армію, у 1941-ым з адзнакай закончыў Ленінградскае ваенна-палітычнае вучылішча. З 22 чэрвеня 1941 года лейтэнант Васілевіч ваюе ў часцях Паўночна-Заходняга, Заходняга фронту, абараняе подступы да Ленінграда і Масквы. Танкавы корпус, у якім ваяваў Васілевіч, кідалі ў самае пекла баёў. Так, з 7 ліпеня 1942 года старшы лейтэнант Васілевіч – на Бранскім фронце, у першы ж дзень паранены.
У 1942 годзе немцы рвуцца да Сталінграда. Танкавы корпус, у якім ваюе наш зямляк,  зноў на галоўным напрамку. 22 кастрычніка 1942 года старшы лейтэнант С. А. Васілевіч прызначаны намеснікам камандзіра 237-га танкавага батальёна 19-й танкавай брыгады на Паўднёва-Заходнім фронце. Ужо праз некалькі тыдняў, у лістападзе, камандзір батальёна Бортнікаў прадстаўляе Сямёна Васілевіча да ордэна Чырвонага Сцяга.
Вось як у прадстаўленні да ўзнагароды апісваецца ягоны подзвіг (захаваны стыль і арфаграфія арыгінала): “Тав. Васілевіч, знаходзячыся ў батальёне паказаў сябе адным з лепшых, стойкіх, бясстрашных, храбрых камандзіраў. У перыяд баёў усю роту натхняў на храбрасць і смеласць і сваім уласным прыкладам паказваў, як трэба змагацца з ворагам. Тав. Васілевіч з экіпажам танка захапіў у палон 150 чал. румынскіх салдат і да 200 нямецкіх і румынскіх салдат знішчыў са свайго танка. Першы ўварваўся ў горад Калач і расстрэльваў немцаў. Камандуючы ротай, ягоная рота дабілася вялікіх поспехаў па разгрому нямецкіх акупантаў”.
Загадам камандзіра 26 танкавага корпуса Цэнтральнага фронту С. А. Васілевіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Зімой 1943 года камандаванне Варонежскага і Паўднёва-Заходняга франтоў падрыхтавала наступальныя аперацыі, якія павінны былі прывесці да вызвалення Левабярэжнай Украіны. Наступленне Чырвонай Арміі пачалося ў студзені 1943 года і развівалася паспяхова. Галоўнай ударнай сілай выступалі танкавыя і механізаваныя войскі. Да сярэдзіны лютага 1943 года перадавыя часці выйшлі ў раён Днепрапятроўска і Запарожжа, але былі вымушаны спыніцца з-за адрыву ад тылавых часцей і адсутнасці паліва. Гэтым часам нямецкія войскі прыйшлі ў сябе, вядомы нямецкі танкавы стратэг генерал-фельдмаршал Манштэйн падрыхтаваў контрнаступленне.
На падтрымку перадавым часцям Чырвонай Арміі былі накіраваны рэзервы, у тым ліку і 1 гвардзейскі танкавы корпус (былы 26-ы), у якім ваяваў наш зямляк. 25 лютага 1943 года загадам Паўднёва-Заходняга фронту храбраму афіцэру, намесніку камандзіра батальёна 16-й гвардзейскай танкавай брыгады 1-ага гвардзейскага танкавага корпуса С. А. Васілевічу прысвоена званне “капітан”.
Але Сямён Андрэевіч ужо не даведаўся пра сваё павышэнне. 22 лютага 1943 года ў баі за сяло Вольнае Новамаскоўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці (Украіна) ён загінуў. У гэтым жа баі загінулі яшчэ два лейтэнанты – камандзір танка Р. Д. Раманаў з Чкалаўскай (Арэнбургскай) вобласці (Расія) і начальнік сувязі батальёна М. Л. Жалтаножка з Сумской вобласці (Украіна).
Хутчэй за ўсё, нават магіла мужных танкістаў невядома, бо нямецкае контрнаступленне адкінула савецкія войскі, і вызваленне ў сяло Вольнае прыйшло толькі праз некалькі месяцаў, у ліпені 1943 года.
І яшчэ. Беларус, рускі, украінец – загінулі ў адным баі, ляжаць у адной магіле – яны не дзялілі, чыю краіну вызваляюць, за чыю зямлю праліваюць  кроў. Зараз вельмі актыўна вядуцца спробы ўбіць клін паміж народамі былога Савецкага Саюза, раздзяліць іх, нават зрабіць ворагамі. Але памяць пра воінаў, якія разам змагаліся супраць фашысцкіх захопнікаў, разам абаранялі сваю агульную Радзіму, павінна быць той сілай, якая не дазволіць разбурыць добрыя адносіны паміж народамі, паміж краінамі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



1 комментарий по теме “Уроженец Шумилинского района Семён Василевич погиб в боях за Украину

  1. Спасибо за статью о родном брате моей бабушки. Очень трогательно. Бабушка всегда вспоминала Сенечку, так она его звала. Сеня похоронен в братской могиле в селе Вольное Новомосковского района Днепропетровской области, их брат Александр Андреевич Василевич, отец Владимира Василевича, ездил туда по приглашению на открытие братской могилы на Украину. А Владимир Александрович Василевич продолжил династию танкистов, закончил Казанское танковое училище, служил на Дальнем Востоке, сейчас на пенсии, живет в Минске. Ссылки на братскую могилу и село Вольное. Имя на первой плите первое в списке — Василевич Семен Андреевич. Вечная ему память. http://pomnite-nas.ru/mshow.php?s_OID=10718 http://photo.i.ua/user/849677/144941/3542333/ СПАСИБО ВАМ СЕРГЕЙ ПЕТРОВИЧ!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *