Когда до нас дойдёт цивилизованный подход к отходам?

Актуалии Экология

Адыходы патрабуюць утылізацыі
Адчувальны ўплыў на стан навакольнага асяроддзя аказваюць адыходы спажывання і вытворчасці, колькасць якіх штогод павялічваецца. У Шумілінскім раёне 24 аб’екты ўтылізацыі адыходаў вытворчасці, з іх – 2 палігоны цвёрдых камунальных адыходаў (Обаль, Шуміліна) і 22 міні-палігоны. Усе аб’екты знаходзяцца на балансе УП ЖКГ. Маніторынгі гэтых аб’ектаў паказваюць, што міні-палігоны і асабліва палігоны знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Часта гэтыя аб’екты не абслугоўваюцца з-за дэфіцыту бульдозернай тэхнікі і, як вынік, адыходы выгружаюцца хаатычна, з парушэннем тэхналогіі ўтылізацыі, што вядзе да забруджвання прылеглай тэрыторыі.
За перыяд з 01.09.2012 года па 01.09.2013 года за парушэнні тэхналагічнага рэгламенту пахавання адыходаў на палігонах і міні-палігонах УП ЖКГ прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 15.63 КаАП  3 разы на суму 4,3 мільёна рублёў, выдадзена 17 прадпісанняў, праведзена 13 маніторынгаў і выдадзена 20 рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
Значная эколага-эканамічная выгада закладзена ў выкарыстанні адыходаў. Так, больш за 50% адыходаў выкарыстоўваюцца паўторна ў вытворчасці: ААТ “Шумілінскі льнозавод” – адыходы льнокастры, ДРБУ-204 – адыходы асфальтабетону, УП ЖКГ – адыходы драўніны і дрэваапрацоўкі.
Але застаецца праблемным выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў: макулатуры, палімераў, шкла, шын. У 2013 годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 службовыя асобы за пахаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў. Праблему магло б рашыць абсталяванне на базе УП ЖКГ станцыі сартавання адыходаў, якая згодна з Тэрытарыяльнай праграмай па рабоце з адыходамі ў Шумілінскім раёне на 2008-2012 гады павінна была пачаць работу ў 2008 годзе. Да цяперашняга часу не вырашаны пытанні ахопу насельніцтва шматкватэрных дамоў раздзельным зборам адыходаў, набыцця тэхнікі для прасавання другасных рэсурсаў.
Працягваецца работа па аптымізацыі колькасці міні-палігонаў у сельскай мясцовасці: у 2012 годзе праведзена рэкультывацыя міні-палігонаў Юрава, Рашэтнікі, у 2013 – міні-палігонаў Дубінкі, Ужляціна. Але  перадача рэкультываваных зямель у адпаведнасці з заканадаўствам не праведзена.
Г. КІСЯЛЕВІЧ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Танна, экалагічна і практычна
Кантэйнерныя пляцоўкі для смецця ў Шуміліне выглядаюць цяпер менавіта так. Пакуль яшчэ не ўсе (толькі 24), але ў ЖКГ не супакояцца, пакуль такім чынам не аформяць усе да апошняй. Варта заўважыць, што выглядае ўсё гэта досыць прыстойна. Так, нават лепш, чым калі для агароджы выкарыстоўваліся жалезабетонныя канструкцыі, і, што не менш важна, – намнога танней. На пытанне, колькі сродкаў ідзе на гэту работу, А. Г Шаршун, майстар ЖКГ, адказаў адназначна: “Чым менш, тым лепш”. Расказаў, што выкарыстоўваюць жалезныя груды – тыя, што застаюцца пасля дэмантажу старых цеплатрас ці водаправодных сетак. Ёсць спадзяванне, што гэтыя канструкцыі будуць больш даўгавечнымі.
Наталля ДАРОШЧАНКА.
Мы знаходзімся на перыферыі цывілізацыі
Нехта падлічыў, што за год чалавек пакідае пасля сябе каля 200 кілаграмаў разнастайных бытавых адыходаў. Пытанне іх перапрацоўкі стаіць надзвычай востра ў маштабах усёй планеты. І калі развітыя краіны ўжо дабіліся на гэтай ніве відавочных поспехаў, то мы яшчэ знаходзімся на перыферыі цывілізацыі. Можна меркаваць, што радавы немец ці англічанін, выкідваючы этыкетку ад бутэлькі ў адзін кантэйнер, а саму бутэльку – у другі, наўрад ці аналізуе свой уклад у зберажэнне прыроды. Проста па-іншаму там нельга. І людзі даўно прывыклі.
З інтэрнэт-нататак аднаго турыста: “Дакладнае разуменне гэтых праблем я аднойчы знайшоў у прыгарадзе Лондана. Пажылая жанчына, у якой я здымаў пакой, у першы ж дзень майго з ёй суседства паспрабавала высветліць, як я стаўлюся… да збору смецця. Справа ў тым, што шматлікія судэнты-кватаранты з самых розных краін свету, якія жылі ў яе раней, адрозніваліся “досыць ліберальнымі поглядамі” – адны выкідвалі рэшткі ежы разам з металічнымі ўпакоўкамі, нехта забываў вымаць з кардоннай упакоўкі кукурузных шматкоў поліэтыленавы пакет, а нехта здзяйсняў “асабліва небяспечнае злачынства”, забываючы, што этыкетка ад малочнай бутэлькі выкідваецца асобна ад самой бутэлькі. На тое, каб асвойтацца, зразумець і прыняць усе правілы правільнага выкідання смецця, у мяне пайшло каля тыдня – потым увесь працэс пачаў здавацца простым і натуральным. Здавалася, што выкідваць смецце неяк па-іншаму, тым больш звальваць усё ў адзін мех – гэта неяк дзіка і дзіўна”.
Канешне, наперадзе планеты ўсёй у гэтым пытанні немцы. Мала таго, што сартуюць смецце яны ў 4, а здараецца і ў  8 розных кантэйнераў, дык яшчэ і вызваляюцца ад яго ў строга вызначаны дзень, у залежнасці ад віду (калі можна так выказацца) смецця. І яны ўсё памятаюць, дзейнічаюць па строгай інструкцыі. Не будзеш тут памятаць, калі штрафуюць за такія парушэнні, як за сапраўднае злачынства. Можна і на папраўчыя работы трапіць.
Нас пакуль ніхто не азадачвае такім чынам. Усё, што хвалюе абывацеля,  каб кантэйнеры для смецця апустошваліся своечасова. Усё, што могуць самыя свядомыя, дык гэта выдзяляць паперу і шкляныя бутэлькі і здаваць іх у нарыхтоўчыя пункты. Хаця асабіста я з такімі людзьмі не знаёмая.
Збіраючы матэрыял па тэме, як чалавек уражлівы, адчувала сябе сапраўдным варварам, завіхаючыся тым вечарам на кухні. Калі ў адзін мех пайшлі бутэлька з-пад квасу разам з этыкеткай, бульбяное шалупінне,  упакоўка ад хлеба, недаедзеная з раніцы каша, разбіты бакал і шмат чаго яшчэ. Раніцай гэты пакет перамясціўся ў кантэйнер ля дома. Цяпер ён ужо, можна меркаваць, на палігоне ЦБА. Магчыма, работнікі камунгаса і выдзеляць з агульная кучы маю пластыкавую бутэльку і адправяць разам з іншымі на перапрацоўку. А, магчыма, і праляжыць яна там усе належныя 100 год…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *