В прошлую пятницу депутаты Шумилинщины собрались на заседание очередной сессии

Актуалии Президент

Эфектыўнасць выкарыстоўвання дзяржаўнай маёмасці

У мінулую пятніцу дэпутаты райсавета сабраліся на пасяджэнне чарговай 26-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. На парадку дня стаялі пытанні аб эфектыўным выкарыстоўванні дзяржаўнай маёмасці і аб кадрах. Удзел у рабоце сесіі прынялі старшыня райвыканкама У. П. Куранны, дырэктар Віцебскага абласнога фонду дзяржаўнай маёмасці М. М. Паўлючкоў. Работу сесіі вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Пытанне, якое першым было вынесена на абмеркаванне дэпутатаў – “Аб рабоце органаў улады і арганізацый па эфектыўнаму выкарыстоўванню дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Шумілінскага раёна”, – наспела даўно. Бо як паказаў аналіз, зроблены намеснікам старшыні райвыканкама В. В. Доктаравым, да сапраўдных гаспадароў нам яшчэ вельмі і вельмі далёка. Віктар Віктаравіч паведаміў, што на 1 студзеня 2012 года ў раёне не выкарыстоўвалася 39 будынкаў (21 з іх належыць “Шумілінскаму райаграсэрвісу”), а гэта больш за 18 тысяч метраў квадратных. За 9 месяцаў удалося ўцягнуць у гаспадарчы абарот 12 аб’ектаў з 20, запланаваных на 9 месяцаў. Але далёка не заўсёды арганізацыя мае эканамічны эфект, напрыклад, ад здачы таго ці іншага збудавання ў арэнду. Часта арандатары месяцамі не плацяць грошы за арэнду, нарошчваюць даўгі, а потым здараецца, што фірма лопнула, як мыльны пузыр, а даўгі “завіслі”. Прыходзіцца ў такіх выпадках падаваць у суд, зацяваць судовыя разборкі замест таго, каб падлічваць дывідэнды ад здачы маёмасці ў арэнду. Так, таму ж “Шумілінскаму райагарасервісу” арандатары сёння завінавацілі 52 мільёны рублёў.
Яшчэ адзін аспект тэмы, на якім засяродзіў увагу дакладчык, — рэгістрацыя гаспадарчых аб’ектаў. Гэта вельмі складаны працэс, які патрабуе збору цэлага пакета дакументаў па кожнаму аб’екту і досыць сур’ёзных фінансавых затрат. В. В. Доктараў праінфармаваў, што ў раёне за 29 суб’ектаў гаспадарання на праве гаспадарчага валодання і аператыўнага кіравання маюць 665 збудаванняў, але ў адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці зарэгістравана толькі 105 аб’ектаў. Па плану на 2012 год трэба зарэгістраваць 144 аб’екты, з іх пакуль што зарэгістравана 8.
Між іншым, работу па рэгістрацыі аб’ектаў і ўцягненню іх у гаспадарчы абарот трэба завяршыць да 1 студзеня 2014 года – на гэта нацэльвае спецыяльны Указ Прэзідэнта.
Дырэктар Віцебскага абласнога фонду дзяржаўнай маёмасці М. М. Паўлючкоў, выступаючы перад дэпутатамі, адзначыў неабходнасць правядзення вучобы кіраўнікоў арганізацый і спецыялістаў па тэме рэгістрацыі дзяржаўнай маёмасці. Міхаіл Міхайлавіч падкрэсліў, што згодна з Указам Прэзідэнта за непрыняцце мер па эфектыўнаму выкарыстоўванню дзяржаўнай маёмасці кіраўнік можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і атрымаць спагнанне ў размеры 25 базавых велічынь.
Каб пазбегнуць такіх нюансаў і весці работу мэтанакіравана, пытанне і было вынесена на абмеркаванне дэпутатаў райсавета, дэпутаты прынялі рашэнне, у якім акрэслены канкрэтныя крокі па паляпшэнні эфектыўнасці выкарыстоўвання дзяржаўнай маёмасці.
Работа з кадрамі
Жывы інтарэс і вялікую зацікаўленасць выклікала ў дэпутатаў і ва ўсіх прысутных пытанне “Аб ходзе рэалізацыі комплекснай раённай праграмы “Кадры 2011 – 2015 гады”. З дакладам па гэтаму пытанню выступіла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н. У. Захарава. Наталля Уладзіміраўна адзначыла надзвычайную актуальнасць пытання, вынесенага на сесію раённага Савета дэпутатаў. Мінусавая дэмаграфічная сітуацыя, якую раён стабільна дэманструе ў апошнія гады, міграцыя часткі працоўнага насельніцтва ў бліжэйшае і не толькі замежжа, смяротнасць ад знешніх, кантралюемых прычын – усё гэта патрабуе новых падыходаў, больш грунтоўнай работы з кадрамі.
Н. У. Захарава праінфармавала, што зараз у Шумілінскім раёне 19347 чалавек, з іх 11812 (61%) – працаздольнага ўзросту. Спісачная ж колькасць работнікаў у арганізацыях раёна за студзень-жнівень бягучага года склала 7567 чалавек – на 358 менш, чым у мінулым годзе.
Наогул, у апошнія гады кан’юнктура рынку працы характарызуецца перавышэннем попыту над прапановай рабочай сілы. Дэфіцыт кадраў асабліва адчувае сельская гаспадарка, якая сёння гатова прыняць да двух тысяч чалавек, недахоп кадраў адчуваюць сёння будаўнічая галіна, медыцына.
Штогод у раён прыбывае больш за сто маладых спецыялістаў, сёлета 125 выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў папоўнілі працоўныя рады. Задача кіраўнікоў арганізацый – стварыць маладым годныя ўмовы для работы і пражывання, каб скараціць адток маладых кадраў.
Менавіта аб адказнасці кіраўнікоў за кадравае забеспячэнне выканання праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна гаварыў на сесіі старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч перакананы, што гэтую работу трэба весці з дзіцячага сада і са школы, што кожны кіраўнік павінен сёння фарміраваць заўтрашні кадравы састаў, а для гэтага трэба са школы падбіраць дзяцей для вучобы па адпаведным накірунку, даваць мэтавыя накіраванні, падтрымліваць дадатковай стыпендыяй. І яшчэ. Чалавека з ранняга ўзросту трэба мацаваць маральна, загартоўваць фізічна, вучыць быць патрыётамі, адзначыў кіраўнік раёна. Вось для гэтага і трэба будаваць ў раёне школу мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, царкву. І каб ажыццявіць гэтыя праекты, каб ствараць новыя рабочыя месцы, старшыня райвыканкама паставіў задачу павялічыць вытворчасць працы на 200%.
Дэпутаты раённага Савета прынялі рашэнне па кадраваму пытанню. Апроч гэтага, унеслі змяненні ў Праграму развіцця і падтрымкі асабістых гаспадарак грамадзян Шумілінскага раёна на 2011—2015 гады, абмеркавалі іншыя пытанні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №80 ад 09.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *