На рабочем совещании в Шумилинском райисполкоме: уборка урожая, подготовка к школе и другие актуальные вопросы

Актуалии Президент

Жніво, падрыхтоўка школ і іншыя пытанні
На рабочай нарадзе, якую ў панядзелак правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, разглядаліся аператыўныя пытанні жыцця раёна. Найбольш вострым застаецца пытанне ўборкі збожжавых. Надвор’е ўскладняе ход жніва. Трэба лавіць спрыяльныя умовы,  быць у пастаяннай гатоўнасці – як толькі вецер прасушыў зерневыя, трэба пускаць камбайны ў ход, запатрабаваў старшыня райвыканкама. Трэба без страт сабраць вырашчаны ўраджай.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу на неабходнасць уборкі і прысядзібных участкаў, да якой рэкамендавана падыходзіць індывідуальна: калі камбайны ўбіраюць збожжа ў аддаленай вёсцы, то мае сэнс убраць там і прысядзібныя ўчасткі, каб не ганяць потым тэхніку. Масавая ж уборка прыватных збожжавых пачнецца, калі жніво ў грамадскай гаспадарцы пераваліць за 80%. Цяперашні час вельмі складаны для аграрыяў раёна, бо разам са жнівом трэба працягваць нарыхтоўку кармоў, прыспешвае і работа па падрыхтоўцы да сяўбы азімага рапсу і зерневых.
На нарадзе былі разгледжаны пытанні вытворчасці малака, узнаўлення статку, работы заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў з маладняком БРЖ. У прыватнасці, было адзначана, што ад колькасці і якасці надоенага малака заробкі павінны атрымліваць усе – і пастухі, і даяркі, і загадчыкі фермаў, і спецыялісты.
Былі прыведзены факты, што ў асобных гаспадарках такая сістэма работы не наладжана, таму і надоі зараз, у самы спрыяльны час, невялікія. А няма малака – няма грошай на зарплату, запчасткі і іншыя гаспадарчыя патрэбы. Былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, спецыялістаў раённых службаў па азначаных пытаннях.
На нарадзе былі разгледжаны  іншыя пытанні жыццядзейнасці раёна. Так, на бягучым тыдні пачынае працаваць камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года. Трэба актывізаваць работу па навядзенні парадку на асобных тэрыторыях.
На нарадзе выступіў Сяргей Пясоцкі, спецыяліст “Беларусбанка” з Віцебска, які расказаў пра праграму крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *