Торжества в честь Дня защитников Отечества и Вооруженных Сил Республики Беларусь прошли в Шумилино

Актуалии Новости

На варце мірнай працы
22 лютага ў Шуміліне прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
“У дзень 23 лютага мы успамінаем і шануем адвагу воінаў Чырвонай Рабоча-Сялянскай Арміі, бяспрыкладны гераізм воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, мужнасць салдат Савецкай Арміі, якія стаялі на варце мірнай працы савецкіх людзей. Пераемнікамі слаўных традыцый сталі воіны сучаснай беларускай арміі, якія ахоўваюць мірнае неба над краінай, забяспечваюць стабільнасць і спакой яе межаў”, – адзначыў у выступленні на мітынгу, які адбыўся на брацкіх могілках у парку г. п. Шуміліна, намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік у адстаўцы Генадзь Шынкевіч.  Удзельнікі мітынгу – кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Быкавым,  прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, грамадскіх арганізацый – ушанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання, усклалі да помніка вянкі і кветкі.
У актавай зале Шумілінскай СШ №1, куды накіраваліся ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў, адбыўся святочны канцэрт. Да пачатку канцэрта гледачы маглі пазнаёміцца з экспазіцыяй школьнага музея. У фае супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі прапанавалі выставу, на якой прадставілі маладых шумілінцаў, якія зараз праходзяць тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Беларусі, а таксама афіцэраў-ветэранаў. Раённы Дом рамёстваў разам з раённым цэнтрам дзяцей і моладзі наладзілі выставу вырабаў мужчын, якія працуюць у гэтых установах – Уладзіміра Каласкова, Юрыя Танасіенкі, Аляксандра Любімава, Вячаслава Кавалёнка, Анатоля Бубена, Яўгена Наважылава. Кераміка, вырабы з дрэва, лазы, цікавыя тэхнікі выканання ярка дэманстравалі, якія залатыя рукі ў шумілінскіх майстроў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава ўзгадала вялікае значэнне свята, якое звязвае пакаленні беларускіх мужчын. Ва ўсе часы яны гатовы стаць на абарону Айчыны, падкрэсліла Ірына Мікалаеўна і шчыра павіншавала ўсіх мужчын з Днём абаронцаў Айчыны, выказала самыя цёплыя пажаданні.
Старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Жандараў далучыўся да віншаванняў, адзначыў, што члены арганізацыі разам з ветэранамі органаў МНС і МУС вядуць вялікую выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем, і ўручыў граматы афіцэрам-актывістам гэтых грамадскіх арганізацый.
Цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі работнікі і выхаванцы ўстаноў культуры і адукацыі раёна. Гледачы шчырымі апладысментамі падзякавалі за  настрой і атрыманае задавальненне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №17 ад 26.02.2019 г.