Родительское собрание №2: Культура поведения

Духоўнае Общество

Бацькоўскі сход №2: Культура паводзін
Правільна заўважана: звычка – другая натура.
Звычка  да чалавека прыходзіць з малых гадоў. Звычка ўставаць  і класціся спаць. Звычка пасля сну мыць твар, чысціць зубы. Звычка ў дзяўчынкі дапамагаць матулі па гаспадарцы, у хлопца, які падбіраецца пад юнака, умець касіць і хадзіць за плугам (маецца на ўвазе, ісці ўпоравень з бацькам на пакосе, замяняць яго пры акучванні бульбы або калі трэба абараць соткі).
Словам, звычка – усё, да чаго прывыкае чалавек. Калі прывычка мыцца, чысціць зубы і безліч іншых, якіх не заўважаеш, не выклікаюць ні адабрэння, ні абурэння, яны дадзены чалавеку нібыта з нараджэннем, то звычка дапамагаць маці ці бацьку, паважаць старэйшых, любіць зямлю, дзе нарадзіўся,  не ганьбіць чужое, звычка быць сумленным і сціплым (ды ці мала яшчэ якія звычкі) даецца чалавеку ў працэсе выхавання. Гэта, калі хочаце, станоўчы зарад у электрамагнітным полі чалавека. І наадварот, звычку гучна гаварыць, чытаць за полуднем, грызці пазногці або лаяцца, быць зларадным і зайздроснікам, не кажучы пра звычку браць тое, што “дрэнна ляжыць”, гвалціць, ашукваць іншых – і тысячы яшчэ звычак чалавека грамадства не прымае. Вядома, не ўсё так проста, бо ў кожнай сацыяльнай групе свой этыкет, і ў турэмным ці зладзейскім асяроддзі іншыя “законы”.
Добрым манерам трэба вучыць.  У тым ліку і ўласным прыкладам. Вось, скажам, звычка ахайна і прыгожа адзявацца. Калі маці адзявае на працу балахон замест зграбнай сукенкі ці спадніцы з ажурнай кофтачкай, калі ў кватэры ходзіць не ў чыстым, а ў  парваным і зашмальцаваным халаце, лаецца і курыць, у яе мужчынскія замашкі, яна не прывучыць дачку выглядаць па-дзявочы  статнай, быць пяшчотнай, уважлівай да свайго знешняга выгляду, нават калі б яна не раз гаварыла ёй пра ўсё гэта. Яна не перадасць ёй прыстойныя манеры. Або бацька – гуляка і распуснік. Ён днямі не бачыць свайго сына,  яму ўвогуле не да яго. Якімі ж вырастуць дачка пры такой маці або сын, маючы бацьку-забулдыгу?..
Вядома, у кожным правіле бываюць выключэнні. Можа, дзяўчынку навучыць добраму хто іншы, настаўніца ці суседка, а хлопчыка – калгасны брыгадзір, да якога ён прыйдзе падзарабіць грошай на мабільнік, няхай лепш так, чым паходзілі б дзеці на сваіх продкаў – на “эмансіпіраваную” маці і бацьку-гуляку. Хаця ўсё гэта неяк не вяжацца са статусам бацькоў…
Студэнцкі сябра падарыў мне брашуру “Вучыся быць прыгожым”. Падарыў з прыцэлам, каб у настаўніцкай працы выкарыстоўваў элементы этыкету. У кніжачцы даваліся нормы паводзін і ў грамадскім транспарце, і ў музеі, у бібліятэцы, дома і ў гасцях,  у час адпачынку на возеры і ў лесе, расказвалася, даступна і цікава, пра ўзаемаадносіны хлопчыка і дзяўчынкі, дзяцей і дарослых. Трэба сказаць,  вучні нярэдка ставілі мяне ў тупік пытаннямі. Напрыклад, чаму, пыталіся яны, нельга крытычна ацэньваць выстаўленыя ў музеі экспанаты (а менавіта такая лаяльнасць і лічылася нормай паводзін). Даводзілася тлумачыць, што перш чым крытыкаваць, трэба добра ўсвядоміць, да якой эпохі адносіцца экспанат, і помніць, колькі высілак і часу каштавала музейнаму работніку, каб дакумент ці рэч сталі ўсеагульным набыткам. Словам, паважаць працу іншых людзей.
Дзеці вельмі балюча пераносяць нелады, спрэчкі, сваркі ці горш таго – п’яныя дэбошы і бойкі родных яму людзей. Не трэба думаць, што яны не чуюць, не бачаць усяго гэтага. Калі яны не сведкі гэтага “спектакля”, усё роўна нехта з сяброў, знаёмых укладзе ім у вушы “патрэбную” інфармацыю.
Па-мойму, важна выхаваць у дзіцяці пачуццё уласнай годнасці. Каб вырас і не быў па-рабску, па-лакейску цярпімым, каб не мог нікому дараваць ні ўціску, ні гвалту над сабой. Быў талерантным, цярпімым да думкі іншага чалавека, але і ведаў мяжу, за якой пачынаецца прыніжэнне і рабства.
Чалавек – істота са сваім індывідуальным, непаўторным і адмысловым. І гэтую адметнасць важна не згубіць ці “перакаваць” яе ў іншае, пасрэднае, з тым, каб “жыць, як усе”. Не трэба “як усе”, важна – па-свойму. Але – годна і па-чалавечы. Менавіта гэтаму адметнаму, а не “жыць як усе”, годнаму павінны вучыць бацькі сваіх дзяцей.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



1 комментарий по теме “Родительское собрание №2: Культура поведения

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *