В центре внимания заседания Шумилинского райисполкома- Декрет №18

Актуалии Президент

У рабоце па Дэкрэце №18 не можа быць фармалізму
Восем гадоў таму, 24 лістапада 2006 года быў падпісаны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем’ях”. За гэты час была створана сістэма работы з названай катэгорыяй сем’яў, выпрацаваны алгарытм работы ўсіх структур па дзяржаўнай абароне дзяцей. Пытанні рэалізацыі Дэкрэта №18 знаходзяцца на пастаянным кантролі ўлады, улічваючы актуальнасць праблемы і яе грамадскае значэнне.
У мінулую пятніцу пытанне аб стане работы па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 было вынесена на пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. “У рабоце па названым пытанні захоўваецца шмат недахопаў, – адзначыў старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які вёў пасяджэнне. – На пасяджэнні аблвыканкама ў адрас раёна гучала абгрунтаваная крытыка па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18.
Гэта праблема павінна стаць клопатам усяго грамадства, кожнага кіраўніка арганізацыі. Калі ў дзяцей нядбайныя бацькі, значыць мы павінны ўзяць клопат пра такіх дзетак, каб яны не засталіся з гора-бацькамі. За гады дзеяння Дэкрэта не знікла праблема сем’-яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Так, 113 дзяцей вярнуліся ў біялагічныя сем’і, але ў 2014 годзе 14 дзяцей прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Востра стаіць праблема з абавязанымі асобамі, якія павінны кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей.  Кіраўнікі прадпрыемстваў павінны ведаць пра кожную абавязаную асобу, якая працуе ў арганізацыі, штодзень кантраляваць выхады на работу, выплату даўгоў”. Менавіта ў такім жорсткім ключы пачаў абмеркаванне  пытання кіраўнік раёна.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх (КСН) райвыканкама Л. А. Грузневіч падрабязна прааналізавала стан работы па выкананні Дэкрэта №18 у раёне. Зараз стаіць на уліку ў сацыяльна небяспечным становішчы 131 дзіця з 64 сем’яў, зняты з уліку 214 дзяцей са 171 сям’і. За 10 месяцаў бягучага года праведзены 32 рэйды па нядбайных сем’ях. Павялічылася колькасць паведамленняў ад розных арганізацый па выяўленні выпадкаў сацыяльнай  нядобранадзейнасці – 61 у 2014 годзе (45 у 2013 годзе). Па кожным выпадку праводзіцца расследаванне, ствараюцца комплексныя планы работы з выяўленымі сем’ямі. На пасяджэннях раённай КСН заслухана 60 фактаў па сямейнай нядобранадзейнасці.
У нашым раёне 106 дзяцей-сірот: 46 знаходзяцца ў апякунскіх сем’ях, 45 – у прыёмных, 8 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу, 7 – у сацыяльным прытулку.
У інспекцыі па справах непаўналетніх (ІСН) стаіць на ўліку 23 дзіцяці. На ўліку ў нарколага – 6 падлеткаў. Усе яны ў вольны час наведваюць розныя гурткі і секцыі, задзейнічаны ў грамадска карыснай дзейнасці. Асаблівая роля ў рабоце з гэтай катэгорыяй дзяцей належыць арганізацыі БРСМ, якая праводзіць паездкі і экскурсіі ў вайсковыя часці і папраўчыя ўстановы. Зніжаецца падлеткавая злачыннасць.
У раёне 107 абавязаных асоб, з іх працуюць 70 чалавек, 3 знаходзяцца ў ЛПП, 3 кампенсуюць даўгі ў добраахвотным парадку. Агульны працэнт кампенсацыі сродкаў складае 49,6%. Асноўная прычына нізкага ўзроўню кампенсацыі – п’янства, прагулы, нежаданне працаваць, нізкія заробкі. 4 абавязаныя асобы прайшлі лячэнне ў нарколага, 10 – добраахвотна закадзіраваліся.
Л. А. Грузневіч назвала напрамкі, па якіх маюцца недахопы ў рабоце. Ёсць факты неабгрунтаванага зняцця нядбайных сем’яў з кантролю ва ўстановах адукацыі. Праблемамі дзяцей, сем’яў, абавязаных асоб займаюцца ў асноўным школы, прадпрыемствы застаюцца ўбаку. Абавязаныя асобы шмат прагульваюць: на 57 асоб – 1438 прагулаў. У большасці арганізацый не наладжана адпрацоўка прагулаў, нізкія заробкі абавязаных асоб і, адпаведна, нізкі ўзровень кампенсацыі.
Старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці А. В. Волкаў, які ўдзельнічаў у пасяджэнні, звярнуў увагу на кантроль за выкананнем прынятых рашэнняў. “Пакуль пракурорскія праверкі паказваюць наяўнасць фармальнага падыходу: запісваюць рашэнне, тэрміны, адказных, а ніхто нічога не робіць, і кантролю няма. Павінна быць канкрэтызацыя ўсіх дзеянняў, персанальная адказнасць і жорсткі кантроль”, – падкрэсліў  А. В. Волкаў.
Начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі назваў галоўнай праблемай – прынцыповае нежаданне пэўнай часткі абавязаных асоб працаваць. Супраць такіх ёсць толькі адзіны сродак – узбуджэнне крымінальнай справы. Ён звярнуў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў на прыём на работу абавязаных асоб з іншых раёнаў – яны не працавалі там, не будуць працаваць і ў нас, толькі павялічаць даўгі. Начальнік міліцыі расказаў, што за кожным падлеткам, які стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, замацаваны супрацоўнік РАУС.
У. П. Куранны звярнуў увагу на неабходнасць рашэння кадравай праблемы ўчастковых у РАУС, без якіх нельга наладзіць прафілактычную работу на месцах. Працуйце з выпускнікамі школ, арыентуйце іх на работу ў праваахоўных органах, толькі гэта дазволіць кардынальна рашыць кадравае пытанне, параіў старшыня райвыканкама.
А. В. Волкаў запатрабаваў ад міліцыі больш жорстка працаваць з нядбайнымі бацькамі, ставіць іх на ўлік у ІСН, тым больш, што закон не толькі дазваляе, а і патрабуе праводзіць такую работу.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава па выніках рэйду па Светласельскім сельсавеце на канкрэтных прыкладах паказала недахопы ў рабоце ўстаноў і прадпрыемстваў, якія сведчаць пра фармальны падыход да патрабаванняў Дэкрэта №18.
Былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў прадпрыемстваў, на якіх самы нізкі ўзровень  кампенсацыі выдаткаў абавязанымі асобамі (ад 10%  да 64%). Гэта ў асноўным сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а таксама ОКЗ, “ІскПоіск”, “Вітконпрадукт”, ПМС.
Разам з тым там, дзе адказна падыходзяць да працы з абавязанымі асобамі, удаецца кампенсаваць не толькі бягучыя плацяжы, але і пагашаць даўгі: ЦРБ (371,5%), СФГ “Раднік” (120%), “Славянскі прадукт”, “Вежа” (105%). Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро расказаў пра наладжаную ў арганізацыі сістэму адпрацоўкі прагулаў абавязанымі асобамі: прагуляў – працуй у выхадныя дні. У ЦРБ абавязаных асоб (а яны працуюць галоўным чынам санітаркамі) ставяць на начныя дзяжурствы, на замены, на работу ў выхадныя, каб заробак быў як мага больш, расказаў галоўны ўрач установы К. Ф. Баканаў.
“І гэта правільны падыход. Толькі так арганізаваўшы работу, можна выправіць становішча з кампенсацыяй дзяржаўных выдаткаў на ўтрыманне дзяцей. Не жадаюць самі карміць і выхоўваць сваіх дзяцей, няхай працуюць дзень і ноч, каб заплаціць за тое, што іх выхоўвае і корміць дзяржава, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. – А дзяцей трэба заняць карыснымі справамі: любымі формамі працоўнай, аздараўленчай дзейнасці, актыўнага адпачынку, спорту. Каб у іх не было часу бадзяцца, каб у будучым яны не сталі такімі, як іх нядбайныя бацькі”. Кіраўнік раёна запатрабаваў дапрацаваць праект рашэння, канкрэтызаваўшы асноўныя напрамкі работы па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі ад 26.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем’ях”, вызначыўшы персанальную адказнасць і канкрэтныя тэрміны выканання пастаўленых задач.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



1 комментарий по теме “В центре внимания заседания Шумилинского райисполкома- Декрет №18

  1. В Беларуси все равно очень легко быть тунеядцем и власть местная с этим ничего сделать не сможет. Умные люди уже заранее за пару месяцев получили гражданство России и теперь типа как на отдыхе тут но с видом на жительство. А что может сделать райисполком гражданину России? Да ничего. В армию молодого человека не заберешь, в колхоз не пошлешь. Быть РОССИЯНИНОМ в Беларуси гораздо круче, имеешь больше прав и свобод.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *