Шуміліншчына святочная. Наша памяць. І наша свята

Официально

Незалежнасць нашай роднай Беларусі дасталася вельмі вялікай цаной. Барацьба за свабоду Белай Русі з мангола-татарскай ардой, з напалеонаўскім нашэсцем, з немцамі ў Першую сусветную вайну, у Вялікую Айчынную… Горды свабодалюбівы народ Беларусі з годнасцю вытрымаў усе выпрабаванні. Выстаяў. Перамог. І зрабіў сваю зямлю квітнеючай.
Гэта наш гонар, наша памяць, наша гісторыя. Наш боль. І наша свята. Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь недарэмна абрана 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
66 год для гісторыі — гэта адно імгненне, адзначыла на мітынгу ў гонар Дня  Незалежнасці Рэспублікі Беларусь старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, але па сутнасці — гэты былі вельмі цяжкія гады пасляваеннага адраджэння нашай краіны, аднаўлення яе эканамічнага і чалавечага патэнцыялу, набыцця незалежнасці і годнага месца ў сусветнай суполцы.
Ад імя тых, хто выстаяў і перамог у гады Вялікай Айчыннай, слова Кацярыне Васільеўне Мацвеенка. Яе словы — з глыбіні душы, з глыбіні памяці: “Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой…”, — цытуе яна неўміручыя радкі ваеннага гімна. І ва ўсіх прысутных захінае сэрца, хочацца нізка схіліцца перад жанчынай і яе баявымі сябрамі.
“Людзі! А чаму вы смуткуеце?! Вайна ж даўно закончылася!” — гэта голас маленькай дзяўчынкі звонкім гімнам усяму жывому ўрываецца ў агульны жалобны лейтматыў. І дзяўчынка бяжыць да вечнага агню, воін-вызваліцель падхоплівае яе на рукі, беражліва прыціскае да сябе.
Яны так і стаяць да канца мітынгу, як сімвал нашаму салдату — надзейнаму абаронцу дзяцінства, шчасця, жыцця.
А да вечнага агню кладуцца кветкі. Кіраўнік раёна В. А. Падляшчук разам з І. М. Новікавай ускладаюць вянок на брацкія могілкі; вянкі і кветкі нясуць прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары і госці Шуміліна — у імя памяці, у імя будучага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *