Новая жизнь старейшего детсада в Шумилино

Образование Общество

Пра жыццё і клопаты “Пчолкі”
Тое, што актыўнае будаўніцтва жылля ўдыхнула новае жыццё ў мікрараён СШ №2, не можа не радаваць. Наш горад расце, і мы ганарымся гэтым. Тое, што “будуецца”, як правіла, моладзь, можа значыць толькі адно – мікрараён сапраўды маладзее. А дзе маладыя сем’і – там і дзеці. А што трэба дзецям? Правільна, дзецям (а яшчэ больш – іх бацькам) неабходны дзіцячы сад. І ён тут ёсць, але ці ўпісваецца ў новы фармат мікрараёна?
Сапраўды, калі 10 год таму сённяшняя загадчыца дзіцячага ясляў-сада №4 З. А. Зазыба заступала на пасаду, садок наведвала ўсяго каля 30-ці дзетак. Сёння спісачная колькасць дзяцей – 90. Варта мець на ўвазе і тое, што тыпавы будынак сада разлічаны на выхаванне ў ім 60-ці дзетак. Яшчэ шэсць год таму, расказала Зінаіда Аляксееўна, у садзе адмовіліся ад чатырох летніх веранд, дакладней, змянілі функцыянальнасць гэтых пакояў: уцяплілі, зашклілі, зрабілі рамонт і арганізавалі там спальні і групы для дзяцей. Задзейнічалі таксама, наколькі гэта магчыма, падсобныя памяшканні. Так і выйшла, што на мак-сімум магчымасцяў выкарыстоўваецца кожны квадратны метр даволі ўжо немаладога будынка.
Але не трэба думаць, што дзецям тут менш камфортна, чым у якой іншай дашкольнай установе. У дзіцячым садзе з аптымістычнай назвай “Пчолка” светла, утульна і цёпла: Зінаіда Аляксееўна правяла цэлую экскурсію, каб мы ўбачылі ўсё на свае вочы. У музычнай зале гарэзнічаюць самыя маленькія, дзеці старэйшыя разам з выхавальніцай упрыгожваюць групу да навагодніх святаў, пахі з кухні абяцаюць смачны абед – жыццё ідзе ладна, і для гэтага ўсё ёсць. А калі памяняць вокны – то будзе зусім выдатна. Новыя шклопакеты стаяць толькі на былых верандах, астатнім жа вокнам – па 60 год.
Для таго, каб максімальна задаволіць патрэбы жыхароў мікрараёна ў дзетсадаўскіх месцах, яшчэ адна група размясцілася на тэрыторыі СШ №2. Сіламі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама там быў зроблены рамонт, закуплена ўсё неабходнае – ад посуду да пасцельнай бялізны. Мэбляй разжыліся ва ўстановах адукацыі, якія закрываліся. Група дзіцячага сада нават мае асобны ўваход. У спецыяльна закупленых тэрмасах, якія доўга захоўваюць неабходную тэмпературу, з дзетсадаўскай сталоўкі сюды дастаўляецца свежая ежа. Дзеці хорам запэўнілі, што ім тут падабаецца, тым больш, што занялі новую тэрыторыю дзеці старэйшай групы, а ім самім – хутка ў школу.
Канешне, жадаючыя аддаць сваё дзіця ў гэты сад па-ранейшаму ёсць, але зразумела, што яму фізічна не пад сілу прыняць больш дзетак. Патрэбы ўсіх жадаючых задавальняюць астатнія шумілінскія садкі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *