Чтобы дети были счастливы

Общество Президент

Каб дзеці былі шчаслівыя
У мінулую сераду адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх. У сваёй большасці на камісіі  тлумачэнні  паводзінаў давалі жанчыны, якія  забыліся пра сваіх дзетак.
З маладой маці з Обалі  неяк адразу знайшоўся кампраміс.  Яна ўсё разумела. Жанчына сама хоча выхоўваць сваё дзіця. І гатова выпраўляцца.
Вось жанчына з Крывога Сяла. У яе нядаўна забралі дзяўчынку ў прытулак. Але маці ўсё роўна. Яна спакойна, без усялякіх эмоцый гаварыла: “Ну, забралі, і што?”,  “Са мною дзяўчынка шчаслівая”, “Праз шэсць месяцаў пазбавяць бацькоўскіх правоў. Ну і што?”. Як ні спрабавалі дастукацца да жанчыны члены камісіі, усё было дарэмна. Яна ўсім сваім выглядам ды паводзінамі паказвала, што ў яе нічога не здарылася.
Грамадзянка з Дабеі  нідзе не працуе. Жыве за кошт аліментаў, ды браты дапамагаюць. Пра выхаванне сына гаварыць не прыходзіцца. Хлопца амаль пастаянна кормяць суседзі. Чатырнаццацігадовы сын часта прагульвае школу, з вучобай  праблемы. На пасяджэнні камісіі маці папярэдзілі, што пры такіх адносінах да выхавання яе могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў.
На камісію была выклікана сям’я з Язвіна. Але прыехаў адзін бацька. Дарэчы, пытанняў да яго няма, пытанні – да маці. Маладая сям’я разводзіцца. Дзеці пераважна жывуць з бацькам, які пры гэтым плаціць аліменты на іх. Маці забірае малых рэдка, звычайна тады, калі яе выклікаюць на розныя камісіі – маўляў, дзетак няма з кім пакінуць, вось і не змагла прыйсці. Дарэчы, так было і на гэты раз. Затое маці не забываецца пра шумныя п’яныя кампаніі, на якіх прапівае аліменты…
Таксама на камісіі разглядалася справа аб знаходжанні непаўналетняга на начной дыскатэцы. У адным з сельскіх клубаў супрацоўнікі камісіі па справах непаўналетніх у 23.30 заўважылі непаўналетнюю. Быў складзены пратакол. Як вынік, юрыдычная асоба атрымала штраф.
*  *  *
У мінулы чацвер адбыўся чарговы рэйд міжведамаснай групы ў рамках раённай акцыі “Сям’я без насілля”. Былі наведаны 12 сем’яў у Обальскім сельсавеце.
Большасць сем’яў, якія знаходзяцца на кантролі, парадавалі. Чыста, утульна, бацькі цвярозыя. Завіталі і да адной жанчыны, якая ў мінулую сераду была выклікана на пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх. Яна на камісіі абяцала выправіцца і стрымала свае словы: падчас нашага візіту сустрэла гасцей шчырай усмешкай, бачна, што ў гэтай сям’і – спакой і ўтульнасць. Верыцца, што і кантроль за сям’ёй, і выклік на раённую камісію па справах непаўналетніх  прынеслі чакаемы вынік.
А вось обальскую сям’ю, у якой выхоўваюцца двое дзетак дзетсадаўскага ўзросту, параўнальна нядаўна знялі з кантролю. Нібыта выправіліся. Завіталі да іх з прычыны запазычанасці за электраэнергію. Візіт засмуціў. Сустрэла маці з цыгарэтай у руках. Хутчэй пабегла на кухню, дзе весела праводзіла час кампанія. Бутэльку ад камісіі схаваць паспелі… Паставіць  сям’ю на кантроль – рашэнне міжведамаснай групы.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *