Доска почёта Шумилинского района: Николай Нечай

Актуалии Общество Экономика

Амаль трыццаць год за рулём

Калектыў Шумілінскага раёна электрасетак перакананы, што іх вадзіцель Мікалай Браніслававіч Нячай заслужана прадстаўляе прадпрыемства на раённай Дошцы гонару.
Сын механізатара (бацька сорак гадоў адпрацаваў на трактары), Мікалай Браніслававіч не ўяўляў свайго жыцця без абаранкі. Таму і пайшоў вучыцца на вадзіцеля. Такую прафесію абралі і тры ягоныя браты. І сёння Мікалай з гонарам кажа: “У сям’і Нячай чатыры вадзіцелі!”
Мікалай Браніслававіч крыху працаваў у “Ленінскім прызыве” і сельгасхіміі, а ў раёне электрасетак “застаўся на ўсё астатняе жыццё”. Круціў абаранку ГАЗ-69, УАЗіка, а зараз ездзіць на “Ніве”.
«Практычна трыццаць гадоў важу начальства, – усміхаецца мужчына. – Мне на яго шанцуе. Толькі добрым словам магу згадаць Фёдара Ігнатавіча Мончыка. Дзмітрый Васільевіч Муркоў, сённяшні начальнік РЭС, – добры і справядлівы чалавек».
Мікалай Браніслававіч кожны дзень ездзіць па раёне: на абследаванне падстанцый, на надзвычайныя сітуацыі, якія здараюцца падчас моцных вятроў. Ну, а калі не стае вадзіцеляў, М. Б. Нячай перасаджваецца на ГАЗ-53 або грузавы фургон і вязе брыгаду электрыкаў да месца работы.
Мікалай Браніслававіч – чалавек спакойны, ураўнаважаны, вытрыманы. У той жа час прынцыповы і патрабавальны. Ён не сядзе за руль неадрамантаванай машыны, бо адчувае адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх пасажыраў. Імчаць з ветрыкам – гэта не яго стыхія, вадзіцель РЭС прытрымліваецца правіла: трэба захоўваць парадак на дарозе.  Мікалай Браніслававіч кажа, што работа за рулём – ягонае прызванне. І прафесію вадзіцеля не прамяняе ні на якую іншую.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *