Тонкая работа Нины Семёновой

Людзі і лёсы Общество

Тонкая работа
Нават калі б Ніна Аляксееўна Сямёнава з аграгарадка Светласельскі сціпла прамаўчала пра свае работы, не заўважыць іх у доме жанчыны немагчыма. Вышытыя крыжыкам Божай Маці, Німфы, прыгожыя краявіды ў доме на самых ганаровых месцах. Гэта вынік карпатлівай работы працавітых рук.
– Прыгатавала сваёй сяброўцы падарунак да дня нараджэння, –  расказала Ніна Аляксееўна, запрашаючы ў пакой. – Думала доўга, што такога памятнага падарыць. Прыпынілася на карціне, вышытай сваімі рукамі.
Н. А. Сямёнава раней жыла ў Краснаярскім краі, там яе бабуля і навучыла вышываць, вязаць кручком карункі для ручнікоў.
– Напэўна, такое захапленне патрабуе вялікай цярплівасці? – пытаюся ў жанчыны.
– Ну што вы! Наадварот, за вышыўкай нервы заспакойваюцца, забываеш пра праблемы.
Сваю першую сур’ёзную работу – дыван з яркімі ўзорамі – Ніна Аляксееўна памятае і сёння. Падарыла дыван дачцэ, і яна была рада такому сюрпрызу. Н. А. Сямёнава навучыла вышываць сваіх дзвюх дачок. Захапляецца вышыўкай малодшая ўнучка Крысціна, для яе бабуля – дарадца, памочнік і настаўнік.
– Вышыўка – мая стыхія , – прызнаецца Ніна Аляксееўна. – Гэта так захапляе, што гадзінамі сяджу над карцінамі. Цікава назіраць, як узор набывае абрысы.
Ёсць у Ніны Аляксееўны і любімая работа – “Пегас”. Па памерах яна даволі вялікая, па кветкавай гаме насычаная. А яшчэ – вельмі прыгожая, ад гэтай карціны ў захапленні ўсе яе родныя. Дарэчы, Н. А. Сямёнава – пастаянны ўдзельнік раённых выстаў, якія праводзяцца пад час Дня Незалежнасці. Кожны раз прывозіць па паўтара дзесятка вышыванак, а ўвогуле на рахунку вышывальшчыцы іх больш за сотню.
Цёпла і ўтульна ў доме Ніны Аляксееўны Сямёнавай. Кветкі на вокнах, на сценах вісяць вышытыя карціны. Гаспадыня заўсёды рада родзічам, гасцям і ўнукам. І ім прыемна зайсці да такой клапатлівай жанчыны і гаспадыні, да чалавека добрай душы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №101 ад 28.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *