Прошёл традиционный новогодний шахматный турнир на призы газеты «Герой працы»

Общество Спорт, туризм

Хапала барацьбы і драматызму
У шахматах без барацьбы, напружання, без драматызму, напэўна, не бывае. Вядома, калі за дошкай — майстры, такія, напрыклад, як Уладзімір Грыбаў ці Уладзімір Любімаў або Мікалай Радайкін. Нямала ў кагорце здольных шахматыстаў і моладзі. І хаця турнір на прызы газеты “Герой працы” не сабраў па сутнасці новыя імёны, акрамя хіба аднаго — Ігара Сідарава (як ён сам прызнаўся, усур’ёз садзіўся за шахматную дошку гадоў восем назад). Але ад гэтага барацьба не стала менш напружанай. Хутчэй, наадварот. Забягаючы наперад, адзначым: да самага апошняга, дзевятага тура не было ясна, хто выйграе турнір.
Спачатку адметнасці баталій. Перш за ўсё, тыя 15 хвілін, што адводзіліся шахматысту на партыю, для некаторых аказалася крайне абмежаваным часам, таму і траплялі ў цэйтнот. Адсюль і драматызм барацьбы. У партыі У. Грыбаў — Д. Шэўчык у самым эндшпілі хады рабіліся за долі секунды. Толькі чуеш, як чахкаюць маланкава і папераменна кнопкі шахматнага гадзінніка. Але перавага была на баку Уладзіміра Іванавіча, ён і змог вырваць перамогу. Часта траплялі ў цэйтнот Уладзімір Любімаў, Алег Далімаеў, Ігар Сідараў, Мікалай Радайкін. І гэта сведчыць перш за ўсё аб жаданні не спасаваць, згуляць прафесійна, на перамогу. Трэба сказаць, да пятага тура нічыіх у табліцы наогул не было. Затое хапала сенсацый. Хаця як паглядзець: сапернікі ведаюць адзін аднаго многія гады і цяжка сказаць, ці можна назваць сенсацыяй перамогу Сяргея Кузьмініча над Уладзімірам Любімавым або Алега Далімаева над Уладзімірам Грыбавым, калі Алег Пятровіч спыніў лідара і тым самым прыдаў турніру яшчэ большы напал барацьбы. Нават на фінішы Ігар Сідараў нечакана для многіх выйграў у аднаго з лідараў – Мікалая Радайкіна.
Не буду казаць аб пераможцах турніру (Уладзімір Грыбаў, Уладзімір Любімаў, Мікалай Радайкін), яны згулялі моцна, хаця не без “праколаў”. На ўздыме быў Алег Далімаеў, для яго гэты пераднавагодні турнір быў адным з самых удалых. Парадаваў учэпістасцю і напорам шахматыста Сяргей Кузьмініч, моцна згулялі Дзмітрый Шэўчык і Уладзмір Вярлоў, аднак ім часам здраджвала фартуна, а мо перашкаджала паспешлівасць. На жаль, не паказаў сваіх выдатных камбінацыйных здольнасцей малады спартсмен Аляксандр Марцінайціс, але верым: у яго самыя лепшыя партыі яшчэ наперадзе.
Рэдакцыя газеты ўдзячна ўсім, хто ўзяў чынны ўдзел у спаборні-цтвах, адзначае дапамогу аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, адміністрацыі СШ № 1 у належнай арганізацыі турніру і віншуе ўсіх са святам Ражаства і Новым годам!
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №101 ад 28.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *