В объединении «Грация» женщины занимаются лечебной физкультурой

Здоровье

Тут мы забываемся на ўзрост
Ці ведаеце вы, ад чаго пакутуе большая палова чалавецтва? Ад пракрасцінацыі – гэта слова, якім назвалі нежаданне што-небудзь рабіць (пастаяннае адкладванне спраў на потым). Успомніце, колькі разоў мы даём сабе абяцанне: вось прачнуся заўтра крыху раней і пачну рабіць зарадку, або з новага года пайду ў спартзалу і г. д.  Ну што, пазналі сябе? Так, у сілу слабахарактарнасці мы знаходзім шмат адгаворак для сябе і зноў застаёмся рабом сваёй ляноты.
Усе мы тэарэтычна ведаем, як важна берагчы сваё здароўе, берагчы з маладосці. Бо, як і ўсё астатняе, з узростам яно мае тэндэнцыю незваротна псавацца!  Згадзіцеся, што здаровы чалавек – шчаслівы чалавек. Для гэтага не так шмат трэба: правільна харчавацца, рабіць фізічныя практыкаванні, пэўны час праводзіць на свежым паветры, пазітыўна ставіцца да жыцця.
Але мы з цяжкасцю прыкладаем намаганні для таго, каб захаваць наша здароўе на доўгія гады.  Так, мы апраўдваем сябе тым, што  занадта стамляемся на працы, ці за хатнімі справамі. Гэта прычына нумар адзін для таго, каб прылегчы на канапу, а не на спартыўны дыванок.  А ўспамінаем пра зда-роўе толькі тады, калі з’яўляюцца праблемы – тады бяжым да ўрачоў, у аптэку, забываючы трапнае выказванне «фізічныя практыкаванні могуць замяніць мноства лекаў, але ні адно лякарства ў свеце не можа замяніць фізічныя практыкаванні».
Так, у кастрычніку 2007 г. была арганізавана група лячэбнай фізкультуры пры раённым Цэнтры культуры,  цяпер гэта аб’яднанне па інтарэсах “Грацыя”. У групе займаюцца больш за дваццаць жанчын ва ўзросце ад 30 да 60 год, заняткі праходзяць два разы на тыдзень.  Фізічныя практыкаванні падабраны з улікам  павелічэння дынамікі нагрузкі і чаргуюцца з комплексам “Бодзі-флэкс” (спецыяльная сістэма дыхання, якая станоўча ўплывае на ўсе органы нашага арганізма).  Многія зоркі нашай эстрады, напрыклад, Іна Афанасьева, таксама аддае перавагу гэтаму комплексу.
Вядзе заняткі інструктар лячэбнай фізкультуры Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Маскалькова Ніна Іванаўна. «Зараз быць здаровым – гэта модна! Я вітаю тых людзей, якія знаходзяць час, каб наведаць спартыўную секцыю, калі гэта захапленне стала нормай іх жыцця, – кажа Ніна Іванаўна. –  На жаль, мы ўсё часцей сутыкаемся з хваробамі, звязанымі з маларухомым ладам жыцця, з так званым сіндромам гіпадынаміі.  Працяглая праца за камп’ютарам выклікае незваротныя змены ў арганізме чалавека, якія абарочваюцца астэахандрозам, сутуласцю, дэфармацыяй брушной поласці і грудной клеткі, апушчэннем унутраных органаў. Пры недастатковай фізічнай нагрузцы ў чалавека памяншаецца аб’ём і сіла мышцаў, у тым ліку сардэчнай, па-ніжаецца вентыляцыя лёгкіх, а гэта значыць арганізм атрымлівае менш кіслароду.  Усё гэта вядзе да зніжэння тонусу цэнтральнай нервовай і мышачнай сістэм. Каб даўжэй заставацца працаздольнымі, трэба захоўваць рухомасць суставаў і пазваночніка.  Не трэба грэбаваць займацца пасільнымі фізічнымі практыкаваннямі ў любым узросце, бо яны паляпшаюць агульнае самаадчуванне і энергетыку чалавека. Яшчэ Гіпакрат казаў: “Рухальную сістэму трэба лячыць рухам”.
Многія  члены нашага аб’яднання займаюцца вось ужо 5–7 сем гадоў запар.   Калі людзі наведваюць заняткі на працягу такога часу, значыць яны знайшлі тое, што  шукалі, значыць ім гэта патрэбна».
Так што нічога складанага ў тым няма, каб пайсці і пачаць займацца спортам у любым узросце. Проста ёсць некаторыя псіхалагічныя бар’еры, а каб пераадолець іх,  трэба мець шчырае і моцнае жаданне.
Наталля БАРАНОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *