Заседание райисполкома: профилактика правонарушений несовершеннолетних

Актуалии Закон Общество Президент

А на свеце столькі цікавых заняткаў
Безнагляднасць, правапарушэнні непаўналетніх – гэта тэма, якая хвалюе літаральна кожнага, была вынесена 24 снежня на парадак дня пасяджэння райвыканкама, якое правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук.
У абмеркаванні пытання прынялі ўдзел першы намеснік пракурора вобласці А. У. Чадзюк, прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама,  спецыялісты раённых структур, якія нясуць адказнасць за выхаванне непаўналетніх.
Падлетак. Ён ужо не дзіця, але ж яшчэ і не дарослы, хоць лічыць сябе такім, хоць упэўнены, што “лепш дарослых ведае жыццё”.  Як часта ў такім узросце для яго  аўтарытэт не бацькі і настаўнікі, а нехта выпадковы  з вуліцы. А калі яшчэ і бацькам няма да яго справы (а гэта, на жаль, нярэдкая з’ява ў наш час), узрастае рызыка супрацьпраўных дзеянняў падлетка.
Каб папярэдзіць гэта, працуюць школьныя псіхолагі і сацыяльныя педагогі, камісіі па справах непаўналетніх пры гаррайвыканкамах, інспекцыі  па справах непаўналетніх пры органах унутраных спраў, шматлікія дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі.
Безумоўна, усё гэта дае плён. Некага ўдалося адвесці ад неабдуманага кроку, іншы аступіўся, але яму далі шанс  пераасэнсаваць, выправіць зробленае. Ёсць, вядома, і такія, да каго не ўдаецца дастукацца ніякімі словамі, каго залішняя самаўпэўненасць, рызыкоўнасць, максімалізм  прыводзяць у калонію непаўналетніх, дзе ўжо дзейнічае другі ўзровень пераконвання і выхавання.
Аб усім гэтым ішла размова на пасяджэнні. Выступалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч, начальнік РАУС  Р. К. Бабіч, галоўны ўрач раёна  К. Ф. Баканаў, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама В. М. Саковіч, старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў, госці з вобласці.
У выступленні кожнага гучала занепакоенасць, бо нягледзячы на тое, што ў раёне ў апошнія гады павысілася ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых службаў, што знізілася злачыннасць непаўналетніх і ў нас няма безнагляднасці, задавольвацца нельга.
Гэта падкрэсліў і кіраўнік раёна. Вальдэмар Антонавіч заклікаў  змагацца за лёс літаральна кожнага падлетка; уласным прыкладам  афіцэра міліцыі, аўтарытэтнага трэнера, спартсмена, іншага дарослага, які мае вагу ў вачах дзяцей, фарміраваць, ляпіць асобу кожнага. У гэтай сувязі В. А. Падляшчук прывёў у прыклад работу трэнера Обальскай СШ Пятра Ганушчанкі, які захапіў грэка-рымскай барацьбой дзесяткі, а мо ўжо і сотні хлопчыкаў і хлопцаў. Менавіта ў гэтым захапленні падлеткі даюць выхад сваім амбіцыям, гартуюць характар, фарміруюць нармальныя жыццёвыя мэты. Неаспрэчна, што калі б такіх энтузіястаў у нас было больш, мы, магчыма,  не мелі б тых 12 злачынстваў, якія здзейснілі падлеткі сёлета, не мелі б 14 падлеткаў на ўліку ў нарколага, не мелі б такіх з’яў, калі ад няма чаго рабіць 14-16-гадовыя ламаюць агароджы, псуюць дарожныя знакі,  нішчаць кветнікі, цягнуць руку да бутэлькі з півам…
А на свеце ёсць столькі цікавых заняткаў. Задача нас, дарослых, данесці гэта да дзяцей. Спосабаў тут многа, найменш дзейсныя з іх – павучальныя, а вось калі, напрыклад, звініць кожны вечар радаснымі галасамі каток ля СШ №1, гэта значыць, мы трапілі ў цэль, прычым, без асаблівых фінансавых высілкаў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №101 ад 28.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *