Высокая миссия воспитания?

Семья

Рабі як я, або Пра тое, як унук дзеда курыць адвучваў
Бадай, ці не ўсе бацькі, не дамаўляючыся і не ўстанаўліваючы правілаў, іграюць у адну і тую ж гульню. Назваць яе можна так: “Высокая місія выхавання”, а можна і так: “18 год: ад вугла да ўніверсітэта”. Маючы дзіця яшчэ толькі ў праекце, мы ламаем галаву, якога ж чалавека з яго ляпіць:  сціплага, высокадухоўнага, а можа нахабнага і бескампраміснага, ім, кажуць, лягчэй жывецца. Многія з нас (я ўсё пра бацькоў) пачынаюць працэс “выхавання” з першага “агу”, маўляў, чым раней возьмешся, тым лепшы вынік атрымаеш. Ды і ў памяці засела нешта накшталт “выхоўваць трэба пакуль папярок лаўкі ўмяшчаецца”. Вось мы і ўпрагаемся, і ўсе свае самыя бязглуздыя, спантанныя і неабдуманыя ўчынкі ў адносінах да ўласных дзяцей пачынаем абазначаць высакародным тэрмінам “ВЫХАВАННЕ”.
Нават памыліўшыся, мы не станем выбачацца. Мы ж бацькі – нам усё можна і ўсё даравальна. А яшчэ нашы дзеці «бясконца нам абавязаны». У першую чаргу за тое, што мы, бачыш, іх нарадзілі. За тое, што кормім і апранаем – таксама. Аддаваць можна выдатнымі ацэнкамі, добрымі паводзінамі, найлепшымі дасягненнямі ў спорце, музыцы, маляванні, паступленнем у прэстыжную ВНУ… Многія і да пенсіі не паспяваюць разлічыцца.
Мы рэдка абцяжарваем сябе пошукам кампетэнтных парад па выхаванні дзяцей, думаем, што нейкім цудоўным чынам, толькі таму што самі сталі бацькамі, ведаем, як трэба, ведаем, што для іх лепш. Усё выхаванне, як правіла, зводзіцца да натацый, выгаворванняў і кантролю. Ды, яшчэ  рэмень. Ну, гэта калі зусім ніякіх уяўленняў пра тое, што рабіць з дзіцём, няма, ад бездапаможнасці і разгубленасці.
Нікога не трэба выхоўваць, выхоўвай сябе – вось што павінна стаць лозунгам у любых узаемаадносінах. У дзяцей проста няма шанцу вырасці высокадухоўнымі інтэлектуаламі ў сям’і, дзе няма кніг, дзе не ходзяць у тэатр, не слухаюць музыку. Нават калі бацькі кожны дзень будуць паўтараць дзіцяці, што быць разумным і развітым – галоўная яго задача. Усё прасцей, чым нам здаецца.
Мы не шкадуем сваіх дзяцей, проста здзекуемся з іх. Супярэчлівыя патрабаванні, нявыкананыя абяцанні, пастаянная падмена  паняццяў бязлітасна паласуюць дзіцячы светапогляд. Ім вельмі цяжка, а нам усё здаецца, што з імі так можна, яны ж дзеці.
Вось прыклад з уласнай біяграфіі. Мой сямігадовы сын вядзе непрымірымую барацьбу з дзедавым курэннем. Ён пастаянна і надзейна хавае яго цыгарэты, абсалютна ўсур’ёз перажывае за яго здароўе: “Дзядуля, ты так кашляеш, табе нельга курыць. Гэта дужа шкодна, няўжо ты не ведаеш”. Пра страшныя наступствы курэння гавораць у школе, на пытанні пра цыгарэты яму не раз адказвала і я, у бліжнім акружэнні ніхто не курыць. І калі з курыльшчыкамі на вуліцы ён яшчэ можа мірыцца, то тое, што смыліць дзед, здаецца, нават раніць яго душу. З дзеда ўжо, як кажуць, што вырасла, тое вырасла. Але ж і яго прыклад нешта значыць для фарміравання асобы.
А неяк, збіраючыся ў госці на вёску, я мімаходам узгадала, што трэба заехаць у краму ды купіць цыгарэт – дзядуля прасіў. Што тут пачалося! Сын сапраўды не мог зразумець, як я ўласнымі рукамі магу прывезці дзеду гэтую жудасную рэч. У яго свядомасці ніяк не складваўся пазл, не сыходзілася, тое, што ён ведаў, пра што яму гаварылі, з тым, што ёсць у рэальнасці. А для дзяцей вельмі важна – каб сышлося. Мы стараліся яму нешта патлумачыць, але аргументы, натуральна, былі бездапаможнымі, калечанымі нейкімі. А супакоіла сябе дзіця тым, што “дзякуй богу, дзед хоць курыльныя сумесі не ўжывае”. А вы ніколі не заўважалі, што дзеці – мудрэйшыя за дарослых?
Мы сядзім у сацыяльных сетках, бясконца лайкаем чужыя фота, вывучаем парады пра тое, як утрымаць мужыка, мы ладзім “дарослыя” святы, высвятляем адносіны, пляткарым, не вылазім з тэлевізара, шмат працуем… А чым у гэты час занятыя нашы дзеці? Дзеці “не выключаюцца”, яны кожную хвіліну вучацца жыць. А настаўнікі – мы з вамі. Нейкія, не вельмі такія настаўнікі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №3 ад 13.01.2015 г.



3 комментария по теме “Высокая миссия воспитания?

  1. Мы сядзім у сацыяльных сетках, бясконца лайкаем чужыя фота, вывучаем парады пра тое, як утрымаць мужыка, мы ладзім “дарослыя” святы, высвятляем адносіны, пляткарым, не вылазім з тэлевізара, шмат працуем… А чым у гэты час занятыя нашы дзеці? Дзеці “не выключаюцца”, яны кожную хвіліну вучацца жыць. А настаўнікі – мы з вамі. Нейкія, не вельмі такія настаўнікі.

    Кранула да самага сэрдца. Слезы на вочы наварочваюцца. И мова прыгожая, аж самой захацелася на ей пагаварыць! Спасибо, Наталля!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *