Как живёт семья орденоносца? Ольга Литовко награждена орденом Матери

Общество Семья

Дзеці – як крылы за спіной

Дом сям’і Літоўкаў у Мікалаеве можна знайсці па арэлях, дзіцячых веласіпедзе і цацках, па прыгожай альтанцы, дзе любіць адпачываць сям’я. Разам іх  восем, чым і ганарацца. А яшчэ тым, што любімая маці і жонка Вольга Віктараўна ўзнагароджана ордэнам Маці.

 

«Заслужыла, малайчына! – кажуць мікалаеўцы. – Наша Вольга вельмі дастойная маці, лепшай і не знайсці. Дом дагледжаны, дзеці ўсе выхаваныя. Гаспадары працавітыя. Віталь, напрыклад, майстар на ўсе рукі, сам зрабіў рамонт у доме: цёплую падлогу, душавую кабіну, каналізацыю. Літоўкі шчырыя і дружныя – такой і павінна быць сям’я». А як яна жыве, выхоўвае дзетак, якія мае мары і планы – каб даведацца пра ўсё гэта, мы адправіліся ў Мікалаева.

Вольга і Віталь Літоўкі жывуць разам дваццаць гадоў. Самае каштоўнае іх багацце –дзеці. Два сыны і чацвёра дачок.

Старэйшаму Уладзіславу – 19 гадоў, ён закончыў два курсы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго, дарэчы, не засталі дома, бо ўладкаваўся на лета працаваць на зернесушылку КУСГП «Ульскі». Уладзіслаў здольны і мэтанакіраваны, заўсёды ідзе да сваёй мэты. Як, дарэчы, і ягоны 14­гадовы брат Вячаслаў, які займаецца лёгкай атлетыкай, ганарыцца тым, што ў гэтым годзе быў прызёрам на раённых спаборніцтвах, што ездзіў на прэзідэнцкую ёлку ў Мінск. Абодва хлопцы захапляюцца музыкай, навучыліся граць на гітары, а Слава – яшчэ і на акардэоне. Златаславе 12 гадоў, яна стараста ў класе, дома – маміна памочніца, яе хобі – бісерапляценне. Дзесяцігадовая Ева захапляецца жывёламі. Гэта яна даглядае рыбак, марскіх свінак, папугаяў і хамякоў, што жывуць у доме. Шасцігадовая Ясенія пойдзе ў другі клас. Яна з’яўляецца лідарам сярод равеснікаў. А маленькай Любачцы, усеагульнай любіміцы, хутка споўніцца два годзікі, яна любіць гуляць з цацкамі і гушкацца на арэлях.

Як бачна, у дзяцей розныя нахільнасці і захапленні. Так і павінна быць, лічаць Літоўкі, бо кожнае дзіця – індывідуальнасць. «Галоўны прынцып нашага выхавання – гэта любоў і пяшчота, – кажа Вольга. – У нас няма вялікай строгасці, няма пакарання. Дзеці растуць у дабрыні і разуменні. Яны неканфліктныя, умеюць зразумець і дапамагчы адзін аднаму, сваім сябрам, аднакласнікам». Вядома, толькі бацькі ведаюць, колькі вытрымкі, самааддачы, душэўнай цеплыні патрэбна, каб выхаваць шасцёра дзяцей, вывесці іх у людзі.

Пытаемся ў Вольгі і Віталя, як жа яны збіраюць да новага навучальнага года студэнта і чатырох школьнікаў. «Паступова, у некалькі заходаў, – усміхаюцца бацькі. – Ездзілі ужо ў горад за кашулямі, спадніцамі і штанамі. Наступны этап, у канцы жніўня – пакупка абутку. Грошы для пакупак збіраем загадзя».

З адной зарплаты не пражывеш (Вольга ў мясцовым дзіцячым садзе працуе памочнікам выхавальніка, муж – качагарам – аўт.), таму трымаем вялікую падсобную гаспадарку: ёсць карова, свінні, куры, качкі, цесаркі, трусы, пчолы. Прадаём мяса і мёд. Ну, вядома ж, натуральнымі прадуктамі харчуецца ўся сям’я. На гаспадарцы працуюць разам з дзецьмі: сушаць сена, кормяць птушак, даглядаюць агароді збіраюць ураджай. Вольга і Віталь (родам з Улы і Мікіціхі адпаведна) прывычныя да вясковай работы.

І калі сям’я на льготных умовах пабудавала трохпакаёвую кватэру ў Шуміліне (маўляў, няхай дзецям будзе), не пераехалі туды, бо ў вёсцы і гаспадарку трымаць можна, мець прыбытак ад грыбоў і ягад, ад гародніны. Больш таго, калі быў выбар будаваць яшчэ адну кватэру ці ўзяць зямельны ўчастак, то Літоўкі абралі апошняе. Ім выдзелілі участак у Рыпіншчыне пад будаўніцтва дома, на гэтыя мэты мяркуюць патраціць мацярынскі капітал. Сям’я лічыць, што ім па сілах узвесці дом сваёй мары, напоўніць яго дабрынёй, утульнасцю, разуменнем і святлом.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *